Тэракт на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» 7 гадоў таму. Гісторыя ў ФОТА
Выбух адбыўся на самай загружанай станцыі менскага мэтро ў час пік
Загінулі і пацярпелі звычайныя людзі — нехта ехаў па справах, нехта дамоў, нехта на спатканьне да каханых
Наймаладзейшаму загінуламу было 17 гадоў, сярод пацярпелых былі і зусім малыя дзеці
Паводле афіцыйнай вэрсіі, бомба магутнасьцю каля 5 кг у тратылавым эквіваленце, начыненая кавалкамі арматуры, цьвікамі і мэталёвымі шарыкамі, была закладзеная пад лаву
Празь дзьве з паловай гадзіны пасьля выбуху Аляксандар Лукашэнка з 6-гадовым сынам Мікалаем агледзеў месца трагедыі, усклаў кветкі да адной з калёнаў
Уначы пасьля тэракту людзі пачалі несьці кветкі да «Кастрычніцкай»
Зранку ўтварыўся стыхійны мэмарыял — кветкі і сьвечкі несьлі ня толькі родзічы пацярпелых, а і проста менчукі. Спантанныя жалобныя акцыі адбываліся і ў іншых гарадах Беларусі
Днём жалобы ў Менску Лукашэнка абвясьціў 13 красавіка, агульнанацыянальная жалоба не абвяшчалася
Літаральна на другі дзень пасьля трагедыі, 12 красавіка 2011-га, праваахоўныя органы паведамілі пра затрыманьне жыхароў Віцебску — Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва
Іх знайшлі нібыта па кадрах з камэраў назіраньня, абвінавацілі ў шэрагу злачынстваў: арганізацыі выбухаў у Віцебску ўвосень 2005 году, у Менску ў ноч на 4 ліпеня 2008-га, а таксама 11 красавіка 2011-га ў сталічным мэтро
У сярэдзіне сакавіка 2012 году абвінавачаных расстралялі. І беларускія праваабаронцы, і міжнародныя структуры, і нават пацярпелыя зьвярталі ўвагу на тое, што працэс у справе Канавалава і Кавалёва пакінуў шмат пытаньняў. Насьцярожыла хуткае выкананьне выраку, яшчэ да разгляду скаргі абаронцаў Кавалёва ў камітэце ААН у пытаньнях правоў чалавека
Кавалёў не прызнаў віны, Канавалаў прызнаў. Радыё Свабода сачыла за працэсам, вынікам чаго стала кніга нашага калегі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»
Амаль адразу пасьля тэракту ў мэтро са станцыяў прынялі лаўкі. На ўваходах на станцыі мэтро пачалі рабіць агляд пасажыраў. Афіцыйна адстаўкі кіраўніка менскай міліцыі Леаніда Фармагея і начальніка ўпраўленьня ўнутраных справаў на транспарце Вячаслава Яўстаф’ева ня зьвязваліся з тэрактам
Праз год пасьля тэракту каля ўваходу на «Кастрычніцкую» ўстанавілі мэмарыяльную дошку (манумэнт «рака памяці»), пацярпелым выплацілі кампэнсацыі
Сьляды тэракту яшчэ доўга былі відаць на сьценах станцыі. Сваякі пацярпелых штогод зьбіраюцца ля «Кастрычніцкай» у стыхійных акцыях, ускладаюць кветкі да мамумэнту