Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура папярэдзіла Алега Грузьдзіловіча

абноўлена

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

Алегу Грузьдзіловічу вынесена папярэджаньне, падпісанае першым намесьнікам пракурора Менску Раманоўскім. Яно тычыцца артыкула і кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

У папярэджаньні гаворыцца, што журналіст «ажыцьцявіў акцыю па пранікненьні на станцыю мэтро „Фрунзенская“ з мэталёвымі прадметамі ў сумцы, якая нагадвае выкарыстаную арганізатарамі тэракту ў менскім мэтрапалітэне».

10 красавіка Алег Грузьдзіловіч падрыхтаваў матэрыял пра тое, як працуе служба аховы мэтро. Пракуратура адзначае, што журналіст разьмясьціў на сайце Радыё Свабода «крытычны артыкул „Зь вялікай торбай у мэтро: з двух разоў праверылі адзін і ў торбу не зазірнулі“ зь відэасуправаджэньнем».

Далей у папярэджаньні гаворыцца, што адбылася прэзэнтацыя кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?», аўтарам якой зьяўляецца Алег Грузьдзіловіч, у якой «ставіцца пад сумнеў аб’ектыўнасьць афіцыйных вынікаў расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце выбуху ў менскім мэтрапалітэне, а таксама справядлівасьць беларускай судовай сыстэмы ў цэлым».

У папярэджаньні таксама адзначаецца, што «ў выпадку прадстаўленьня замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі заведама непраўдзівых зьвестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, вайсковае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча грамадзян РБ, якія дыскрэдытуюць РБ і яе органы ўлады», журналіста могуць прыцягнуць да адказнасьці.

«У мяне ўзялі тлумачэньні адносна таго эпізоду журналісцкай праверкі 10 красавіка на мэтро „Фрунзенская“. Але, як я высьветліў, гэта іх асабліва і не цікавіла. У іх ужо было падрыхтавана афіцыйнае папярэджаньне. Яшчэ не было скончана падпісаньне маіх тлумачэньняў, у кабінэт зайшоў намесьнік пракурора Раманоўскі, які падпісаў мне афіцыйнае папярэджаньне. Яно мне было ўручана адразу, як толькі друкарская машынка раздрукавала мае тлумачэньні і я іх падпісаў. Іх зусім не цікавіла мая пазыцыя: парушаў я ці не парушаў. Яны ўжо вырашылі, што я, аказваецца, парушыў, што я дыскрэдытаваў і сумняваўся ў судовай сыстэме, калі напісаў кнігу».

Паводле Алега Грузьдзіловіча, такія дзеяньні з боку ўладаў — гэта ціск на журналіста.

«Гэтай уладзе непатрэбныя людзі, якія будуць нешта правяраць і сумнявацца. Натальля Жукавец, якая вяла праверку, кажа: „Вось вы напісалі кнігу пра выбух у мэтро. А чаму вы сумняваецеся ў рашэньнях сьледзтва?“ Тое, што я сумняваюся, аказваецца, гэта ўжо нейкае злачынства. Патыхнула 37-м годам, бо гэтых людзей нічога не спыняе. Яны перакананыя, што як начальства сказала, так і трэба рабіць. Асабліва ўражвае гэтая фраза — „ставіце пад сумнеў справядлівасьць беларускай судовай сыстэмы ў цэлым“. То бок і тут я не магу сумнявацца. У краіне, дзе нельга сумнявацца, журналісты не патрэбныя».





Зь вялікай торбай у мэтро
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:17 0:00
Наўпроставы лінк

Даведка Свабоды: Алег Грузьдзіловіч


​Алег Грузьдзіловіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, вучыўся ў Берасьці, скончыў Белдзяржунівэрсытэт, жыве ў Менску.

У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га — на Радыё Свабода.

У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».

У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.

На Радыё Свабода адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.

Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.

Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».

Жанаты, мае трох сыноў і ўнучку Еву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG