Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Застаецца і вэрсія тэракту пад кантролем уладаў»


Дзе вышэй бясьпека – у Беларусі ці ў Расеі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:34:05 0:00

Дзе вышэй бясьпека – у Беларусі ці ў Расеі

Менск і Санкт-Пецярбург: тэрор у мэтро. Дзе вышэй бясьпека — у Беларусі ці ў Расеі? Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін? Абмяркоўваюць Алег Грузьдзіловіч, Юры Дракахруст, Ганна Соўсь і Яраслаў Шымаў.

Прапануем фрагмэнт перадачы:

Ганна Соўсь: Тэрарыстычная атака ў мэтро ў Санкт-Пецярбургу шмат чым падобная на такую ж атаку ў менскім мэтро 6 гадоў таму. Як і ў 2011 годзе ў Беларусі, шмат хто выказвае сумневы ў афіцыйнай вэрсіі. І даволі распаўсюджаныя падазрэньні, што да тэракту можа быць датычная ўлада. Алег, вы асьвятлялі судовы працэс па справе выбуху ў менскім мэтро, напісалі кнігу «Хто ўзарваў менскае мэтро?» Ці былі нейкія падставы лічыць, што злачынства ўчынілі не Кавалёў і Канавалаў, якіх і расстралялі за гэта?

Я называю гэта эфэктам курка, я ў кнізе пра гэта пісаў, што склаліся так падзеі, пасьля якіх ты націснуў на спускавы кручок і далей падзеі адбываюцца без твайго ўдзелу

Алег Грузьдзіловіч: Найперш заўважу, што судовы працэс быў ня толькі па выбуху ў мэтро, але і па тэракце ў 2008 годзе на праспэкце Пераможцаў у Менску і ранейшым тэракце ў Віцебску. Па ўсіх трох эпізодах было даказана, што непасрэдна Канавалаў і Кавалёў учынілі гэтае злачынства. Але застаецца і вэрсія гэтак званага тэракту пад кантролем уладаў, пад кантролем спэцслужбаў, і гэтая вэрсія дагэтуль з таго часу не абвергнутая. Больш за тое, тэракт у Санкт-Пецярбургу паказаў, што яна мае права на існаваньне. Найперш можна згадаць той беларускі выпадак. Я называю гэта эфэктам спускавога кручка, я ў кнізе пра гэта пісаў, што склаліся так падзеі, пасьля якіх ты націснуў на спускавы кручок і далей падзеі адбываюцца без твайго ўдзелу. У Канавалава два гады не маглі ўзяць адбіткі пальцаў, а потым раптам узялі адбіткі пальцаў і далі магчымасьць уцячы ў Менск, каб зрабіць праз два дні тэракт. Калі ўявіць, што камусьці трэба было гэта зрабіць, каб дамагчыся пэўнага палітычнага ці іншага эфэкту, то гэта было зроблена выдатна. І ў выніку атрымалася, што Канавалаў, Кавалёў — вінаватыя, іх расстралялі, але нехта, хто застаўся за кулісамі, маніпулюе гэтым падзеямі. Такі ж ход падзеі можна ўявіць, што быў і ў Санкт-Пецярбургу. Зараз выявілася, што меркаваны самагубца-тэрарыст нібыта быў пад кантролем спэцслужбаў, ягоную сімку кантралявалі спэцслужбы, чамусьці яны не прадухілілі тэракт, выпусьцілі яго з віду і ўпусьцілі ці не захацелі кантраляваць, у выніку адбыўся тэракт. Зараз тая ж сытуацыя, якая была ў 2011 годзе ў Менску, калі ўладам гэта аказалася выгадна, бо яны пераключаюць актыўнасьць пэўнай часткі насельніцтва з праблемаў карупцыі, палітычных праблемаў на праблемы бясьпекі.

Ганна Соўсь: Яраслаў, ці ёсьць нейкія абʼектыўныя падставы меркаваць, што за тэрактам у Пецярбургу стаіць улада ці блізкія да ўладаў колы? Каму гэта выгадна? Наколькі гэта ўнівэрсальны спосаб вызначэньня вінаватых?

вельмі даўгая ўжо кроніка тэрактаў толькі пуцінскай эпохі, пасьля кожнага падобнага трагічнага здарэньня ўсплывае вэрсія, якую ўмоўна называюць «разанскі цукар», нагадваючы пра падзеі 1999 году

Яраслаў Шымаў: Наўпрост не было сказана, што ўлады за гэтым стаяць. Абʼектыўна сытуацыя можа быць выгадная ўладам для закручваньня гаек. Гэта так. Але дэ-факта, калі гаварыць пра тэрарызм у Расеі, а там вельмі даўгая ўжо кроніка тэрактаў толькі пуцінскай эпохі, пасьля кожнага падобнага трагічнага здарэньня ўсплывае вэрсія, якую ўмоўна называюць «разанскі цукар», нагадваючы пра падзеі 1999 году, калі былі жахлівыя выбухі ў маскоўскіх жылых шматпавярховых дамах, у дамах у Валгадонску, і потым былі затрыманыя нейкія людзі ў Разані зь мяхамі цукру, і ўзьніклі падазрэньні ў тым, што гэтыя людзі рыхтавалі ў Разані такі ж тэракт. Потым выйшла вядомая кніга «ФСБ узрывае Расею», у якой як бы даказваецца, што тэракты 1999 году былі задуманыя ўладамі, каб стварыць у Расеі такую абстаноўку, якая ў той момант павысіла папулярнасьць новага прэмʼера Пуціна і прыдала легітымнасьць другой чачэнскай вайне.

у Расеі рэальна хапае людзей і радыкальна настроеных груп, якія цалкам у стане цалкам гэта ажыцьцявіць

Цяпер сытуацыя некалькі іншая. На жаль, гэта можа быць прагучыць некалькі цынічна, але грамадзтва ў Расеі ў пэўным сэнсе к тэракту прывыкла. Раз на некалькі гадоў, часам і часьцей узрываецца. У адным маскоўскім мэтро, як мінімум, два тэракты зь дзясяткамі ахвяраў былі. Таму гэта ня тая падзея, якая можа неяк радыкальна грамадзтва перавярнуць, прывесьці да ўзьнікненьня настрояў, якую ўсю сытуацыю моцна перавярнуць. Цяпер абстаноўка нэрвовая, людзі не адчуваюць сябе ў бясьпецы, але праз некалькі тыдняў і месяцаў (не хачу гучаць груба, але факт застаецца фактам) гэта будзе ўжо толькі боль семʼяў загінулых, але на грамадзкія настроі неяк радыкальна не паўплывае.

Але і тут я з Алегам пагаджуся, абʼектыўна гэта можа быць нагодай для таго, каб пэўныя гайкі завінціць. Асабліва цяпер, калі былі антыкарупцыйныя дэманстрацыі 26 сакавіка. Такая неабходнасьць адчуваецца, але я не схільны ў гэтым выпадку да такой кансьпіралягічнай вэрсіі, тым больш што ў Расеі рэальна хапае людзей і радыкальна настроеных груп, якія цалкам у стане цалкам гэта ажыцьцявіць.

Ганна Соўсь: Юры, Чаму ў Беларусі і Расеі ў падобных сытуацыях узьнікаюць такія падазрэньні? Не ўзьнікалі ж яны ў ЗША, Францыі ці Нямеччыне падчас тамтэйшых тэрактаў?

Юры Дракахруст: Усё ж сам па сабе факт узьнікненьня дастаткова распаўсюджаных падазрэньняў — гэта паказьнік нейкага глыбіннага крызісу даверу да ўлады. Гэта ня значыць, што людзі гатовыя паўстаць, пратэставаць, але тое, што для іх гэтая ўлада ў пэўным сэнсе чужая, гэта ня іх улада, гэта мы і бачым у гэтым распаўсюдзе. Мы бачым раскол у грамадзтве, калі яно дзеліцца на нас і на іх. Яраслаў выказаў пэўныя аргумэнты, якія сьведчаць пра тое, што, каб Пуцін ці Лукашэнка хацелі бы гэта зрабіць, ніякіх бы іх дывідэндаў гэта бы не дало.

Мы бачым раскол у грамадзтве, калі яно дзеліцца на нас і на іх

Мы ведаем гісторыю многіх аўтарытарных, таталітарных, бязьлітасных рэжымаў. Пра некаторыя зь іх ёсьць усе дакумэнты, напрыклад, пра гітлераўскі рэжым мы ўсе ведаем. Так, там быў падпал Рэйхстагу, але гэты быў падпал пустога будынку. Каб нават Гітлер ладзіў нешта падобнае, зьнішчаў бомбай сваіх людзей, каб на некага зрабіць уражаньне, такога не было. І я мяркую, што і цяперашнія правіцелі, ці то Пуцін, ці то Лукашэнка, наўрад ці такое робяць. Але сам па сабе факт, што гэтыя думкі лунаюць у грамадзтве, ужо робіцца фактам грамадзкай дыскусіі, фактам грамадзкага ўсьведамленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG