Міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа на просьбу Свабоды пракамэнтаваў выдаленьне з сацыяльных сетак фатаздымкаў з паляўнічымі трафэямі.
Праз суткі пасьля прызначэньня на пасаду міністра лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа выдаліў свае профілі ў сацыяльных сетках. Там былі апублікаваныя фота з забітымі на паляваньні жывёламі.
Як сказала карэспандэнту Свабоды прэс-сакратарка Міністэрства лясной гаспадаркі Анастасія Дакучаева, міністар «ня лічыць сябе актыўным карыстальнікам сацыяльных сетак і ня лічыць сябе актыўным паляўнічым».
«Так, пэрыядычна ён накіроўваўся на паляваньне. Рэакцыя ў інтэрнэце была, што ён такі заядлы паляўнічы, што там дзень і ноч прападае. А гэта ня так, — сказала яна. — Бо старонкі ў сацсетках ствараліся цягам некалькіх гадоў і напаўняліся фатаздымкамі».
Паводле Анастасіі Дакучаевай, выдаленыя фатаздымкі былі разьмешчаныя «найперш для аўдыторыі паляўнічых і для папулярызацыі гэтага кірунку».
«Паколькі Нацыянальны парк, дзе раней працаваў міністар, арыентаваны, сярод іншага, на прыцягненьне замежных паляўнічых. І вось у рамках правядзеньня асобных паляўнічых тураў была неабходнасьць яго ўдзелу. Фатаздымкі былі зробленыя непасрэдна ў рамках гэтых тураў».
Паводле прэс-сакратаркі, цяпер, калі Віталь Дрожжа стаў міністрам лясной гаспадаркі, перайшоў на дзяржаўную службу, «патрэба ў яго такая адпала».
«Таму ён і прыняў рашэньне выдаліць гэтыя фатаздымкі. Віталь Дрожжа сказаў, што ён іншы раз накіроўваецца на паляваньне, але ня любіць, „калі зь ім вялікая колькасьць людзей“. Робіць гэта ў вузкім коле, — сказала прадстаўніца Міністэрства лясной гаспадаркі. — Ён ня можа сказаць пра сябе, што кожныя выходныя езьдзіць на паляваньне».
«Недарэчна, што ён быў дырэктарам нацпарку»
Нічога дзіўнага ў тым, што міністрам лясной гаспадаркі стаў заўзяты паляўнічы, няма, лічыць дырэктар грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) Аляксандар Вінчэўскі. Бо менавіта Мінлясгас рэгулюе паляваньне ў краіне.
На думку Вінчэўскага, большае дзіва — тое, што паляўнічы быў дырэктарам нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры». З гэтай пасады ён прыйшоў у міністэрства.
Паводле дырэктара АПБ, у беларускай уладзе ўсё яшчэ існуе паляўнічае лобі. Мода на паляваньне сярод палітыкаў захавалася тут з савецкіх часоў.
Што да трафэяў новага міністра Дрожжы, сярод іх няма забароненых відаў. Адзіны нюанс ёсьць з забітымі птушкамі. Гэта белалобая гусь, паляваньне на якую не абмежавана нават падчас вясновай міграцыі. Але празь Беларусь таксама ляціць чырванакніжны від — гусь-піскулька. Ягоная эўрапейская папуляцыя — каля 100 параў. З выгляду піскульку вельмі складана адрозьніць ад белалобай гусі.
«У Беларусі забіваюць іх кожны год, наколькі мы ведаем. Іх нават арнітолягам цяжка адрозьніць, нават калі яны недалёка ад чалавека. А тым больш гэта складана для паляўнічых, калі гусі ляцяць і тыя страляюць усіх спрэс», — кажа Вінчэўскі.
Мінпрыроды пра паляўнічыя трафэі новага «ляснога» міністра: «Міністры таксама людзі»
Прэс-сакратар Міністэрства прыродных рэсурсаў Алена Меляшкова сказала карэспандэнту Свабоды, што бачыла фатаздымкі новага міністра лясной гаспадаркі з паляўнічымі трафэямі. Ці магло мець месца парушэньне прыродаахоўнага заканадаўства?
«Чырванакніжнікаў на здымках не было, гэта адназначна, — адказала прадстаўніца Мінпрыроды. — Таксама не было зьвяроў, якія ахоўваюцца міжнароднай супольнасьцю. Лясная гаспадарка ажыцьцяўляе паляўнічую дзейнасьць. Наагул, у нас дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету кантралюе ў тым ліку пытаньні абыходжаньня зь дзікімі жывёламі, пытаньні паляваньня. Але візуальна парушэньняў няма».
Новы «лясны» міністар Беларусі выдаліў старонку «ЎКантакце» з ФОТА паляўнічых трафэяў
Аляксандар Лукашэнка 5 красавіка прызначыў новага міністра лясной гаспадаркі Беларусі — Віталя Дрожжу. Пасьля прызначэньня міністар выдаліў сваю старонку «ЎКантакце», дзе публікаваў свае фота са зброяй і целамі забітых жывёлаў. Копія старонкі са здымкамі засталася на сайце archive.is. На момант публікацыі міністар мае старонку ў «Аднаклясьніках», дзе ў публічным доступе разьмешчаны ягоны здымак з забітым дзіком.
Віталь Дрожжа нарадзіўся ў Карэлічах Гарадзенскай вобласьці ў 1978 годзе, адвучыўся ў БДТУ і Акадэміі кіраваньня. Ад 2013 году працаваў генэральным дырэктарам Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры», да таго — служыў у міліцыі, кіраваў лясьніцтвам на Лагойшчыне, быў галоўным інспэктарам-рэвізорам у Мінлясгасе, кіраваў Бабруйскай лясной гаспадаркай.
Лукашэнка загадаў новаму міністру «навесьці парадак у лесе, каб за хабар лесьнікі і лясьнічыя не сплаўлялі лес», які затым нібыта «за цэнты трапляе на Захад», а таксама аднаўляць высечаныя лясы.
Колькі якіх жывёлаў у Беларусі. Адной карцінкай
«Нават у Расеі больш строга». Чым небясьпечныя новыя правілы паляваньня ў Беларусі