«Нармальна, што ў райцэнтры няма рэнтгену? Напішы пра гэта, ты ж журналіст!» — сябар дзяцінства кульнуў чарку, пільна ўгледзеўся ў мяне — і пачалося. Яго землякі асьцярожна адсунулі ад краю стала талеркі, якія абурана падскочылі ад моцнага ўдару шклянкай, згодна заківалі галовамі, нагадваючы мне, што няма ў іх ні эндакрыноляга, ні акуліста, ні іншых вузкіх спэцыялістаў.
Яны распавядалі, як летась у паліклініцы не дачакаўся прыёму і памёр нестары мужчына, як у іхняй бальніцы пацыент клікаў мэдыкаў на дапамогу, ды ніхто не азваўся. Памёр. «Тыя і так і так памерлі б, дакладна. У нас тут не дапамогуць. Выратуе толькі адно — калі зьедзеш адсюль. Мой прыяцель — от як адчуваў! — паехаў у нядзелю ў суседні горад на кірмаш, і зрабілася яму там блага — пякло ў грудзях. Выклікалі „хуткую“, яго адразу ў вобласьць павезьлі, зрабілі тут жа апэрацыю на сэрца — уратавалі. Божа, каб яму блага ў нас зрабілася — то ўсё, канцы! Ужо б нос задраў дагары, а мы б салодкія аладкі елі! Напішы пра рэнтген!» — злосна стукнуў на стале парожняй шклянкай той, з кім раней днём у школу хадзілі, а вечарам розную шкоду рабілі.
Зараз ён зноў падбухторвае мяне на гадасьці ўсялякія — паклёпнічаць на мэдыцыну, адну з найлепшых у сьвеце! Ах, каб ты ведаў, дружа, на якім высокім узроўні ўжо айчынная, ці «бацькава», мэдыцына. Праўда, вы да таго ўзроўню не дарасьлі — вяскоўцы і жыхары райцэнтру, якія са зламанымі рукамі і нагамі едуць на рэнтген у суседні горад за паўсотні кілямэтраў.
А калегу і ў абласным цэнтры, у паліклініцы па месцы жыхарства, адмовіліся зрабіць «біяхімію». Участковая лекарка сказала — няма паказаньняў для аналізаў. А так проста раздаваць накіраваньні — хай Бог крые, так усе пачнуць хадзіць цугам. Платна, без накіраваньня ўчастковай, аналізы такія ня робяць. На ўльтрагукавую дыягностыку лекарка таксама не дала накіраваньня — маўляў, вам ужо давалі раней такую паперчыну, вы не прыйшлі, таму пакараньне будзе жорсткае і непазьбежнае. Больш ня швэндайцеся тут.
![](https://gdb.rferl.org/252419B8-65CF-415C-98BC-65BD31878E8A_w1080_h608_b_s.jpg)
Але недзе швэндацца трэба, таму калега, целам якога пагрэбавала айчынная мэдыцына, прыйшоў да мяне лячыць душэўныя раны, прынёс сваю Вусную Гісторыю.
Справа была такая. Задумаўся ён пра старасьць — сваю і чужую. Як так сталася, што старых-нямоглых людзей дзеці аддаюць у дамы састарэлых ці на «сацыяльныя ложкі»? Хто вінаваты і што рабіць, якія прафіляктычныя меры прыняць — каб самому ня трапіць у якую «палату сястрынскага догляду»? «Я хацеў пагутарыць з гэтымі няшчаснымі людзьмі, напісаць пра іх лёс, зьвярнуць увагу грамадзтва...» — тлумачыў ён. Без галоўнага ўрача бальніцы — ня трапіць у «палаты сястрынскага догляду».
Мэдыцынскі начальнік сказаў, што ня супраць, але ён рыхтуецца да пэнсіі і «хацеў бы пайсьці на яе добраахвотна». Ну, і каб нічога ня здарылася. Параіў пачакаць месяц і патурбаваць новага галоўнага ўрача. Новы быў ня супраць наведваньня самотных старых, але прасіў даць яму тры месяцы — «каб асвоіцца». «Тэма добрая», — сказаў новы галоўны. «Але вострая», — цяжка ўздыхнуў ён. Праз тры месяцы (але ж упарты калега!) урач параіў зьвярнуцца з гэтым пытаньнем у ідэалёгію. Ідэалёгія папрасіла афіцыйны запыт. На той запыт яны адказалі, што ня могуць вырашыць гэтую справу, і параілі зноў зьвярнуцца да галоўнага ўрача. Той сказаў, што «ўзьнікла праблема» і «вы самі ўсё разумееце». (Час, напэўна, і праўда рэфармаваць Канстытуцыю, як той казаў нядаўна, і напісаць пад кожным артыкулам Асноўнага Закону прыпіску пасьля зорачкі: «Ну, вы самі ўсё разумееце»).
Калега, вядома, расчараваўся — тэма замоўлена, і так цягнулі ката за хвост тры месяцы з гакам. І што — аблом? Ад нэрваў у яго падняўся крывяны ціск, закружылася ў галаве. Але ж не ісьці ў паліклініку па месцы жыхарства! Галоўны ўрач пашкадаваў засмучанага калегу і прапанаваў яму што-кольвек напісаць пра бальніцу — але толькі не пра палату сястрынскага догляду. «У нас зараз у бальніцы такое новаўвядзеньне! Вось вы можаце першы пра гэта напісаць! Мы асвоілі новы кірунак — гінэкалягічна-эстэтычную хірургію! Выпраўляем розныя дэфэкты на жаданьне пацыентаў. Платна, вядома. Напрыклад, некаму не падабаюцца палавыя органы — памер ці колер. А мы гэта выпраўляем! Мы выпраўляем нават гукі! Так, гукі! Бо некаторым пацыентам не падабаюцца гукі, якія выдае похва ў час палавога акту! І гэта мы выправім! Большасьць нашых першых кліентаў — расейцы. У іх, напэўна, даражэй — едуць да нас. Вось пра што варта напісаць!», — параіў галоўны ўрач.
Вось, напісалі. Калега не захацеў — ён убачыў прорву паміж сваёй пачатковай ідэяй пра самотных старых і прапановамі доктара. А я б і напісала, ды мне страшна — гэтыя скрыўленыя похвы з апакаліптычнымі гукамі зь іх прысьніліся мне ноччу. З тых сапсаваных похваў няправільнага колеру, якія патрабуюць тэрміновай пераробкі, вылазілі на сьвет Божы са скальпэлямі ў руках людзі ў белым адзеньні, якія «прыйшлі ад смутку вялікага». Мне хацелася ў гэты момант забыцца назаўсёды пра адсутнасьць рэнтгену, аналізы, самотных старых і па прыкладзе Арчыбальда Арчыбальдавіча пабегчы на кухню, схапіць там (была ў сабакі хата!) «асьцярожна, каб не забрудзіць манжэты, два ладныя балыкі», выйсьці праз бакавы ўваход — і, «як капітан, які павінен пакідаць карабель апошнім, стаяць спакойна ў летнім паліто з шаўковаю падкладкаю, з двума балыковымі бярвенцамі пад пахай».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.