Палітвязень Зьміцер Паліенка прызнаўся бацьку, што цягам 7 месяцаў ня можа залячыць рану на назе. Пра гэта Аляксандар Паліенка паведаміў Свабодзе.
Аляксандар Паліенка размаўляў з сынам праз тэлефон учора, 15 сакавіка. У ранейшых лістах Зьміцер Паліенка ўвогуле не паведамляў бацьку, што ў яго рана на назе.
«Так, хаджу да лекара, але той толькі зялёнку прапаноўвае. Мажу рану зялёнкай, але лепш не становіцца», — перадаў словы сына Паліенка-старэйшы.
«Спытаў у яго, чаму дагэтуль маўчаў. Сын кажа, што не хацеў турбаваць», — сказаў Аляксандар Паліенка. Але, паводле яго, сын і цяпер «нешта недагаворвае».
«Спытаў, ці гэта нарыў? Кажа — не. Дык ад чаго рана ўзьнікла? Маўчыць. Ці зноў ня хоча казаць, ці ня можа, бо там жа ўсё праслухоўваецца. Не выключаю, што нехта ткнуў чымсьці вострым, вось ён і не расказвае. Толькі паведаміў, што той ране ўжо 7 месяцаў», — кажа Паліенка-старэйшы.
Пры гэтым Аляксандар Паліенка спадзяецца, што ў сына не гангрэна, як пісалі ў сацыяльных сетках. «Тады б былі іншыя сымптомы», — кажа бацька палітвязьня.
На наступным тыдні Паліенка-старэйшы разьлічвае атрымаць ад сына ліст з назвамі лекаў, якія яму патрэбныя, каб загаілася рана. «Яму сказалі, што скажуць дакладна, чым трэба лячыць нагу, але такіх лекаў у іх няма, буду дасылаць».
Паводле Аляксандра Паліенкі, на ўмовы ўтрыманьня ці харчаваньне, а таксама на канфлікты зь іншымі вязьнямі калёніі Зьміцер ня скардзіўся.
«Ён мае падставу, каб не казаць, адкуль узялася рана на назе»
Грамадзкі актывіст Вячаслаў Касінераў, які рэгулярна лістуецца са Зьмітром Паліенкам, перакананы, што той мае важную падставу, каб не казаць, адкуль узялася рана на назе.
«Ён мог атрымаць рану на вытворчасьці, а мог — у атрадзе. У любым выпадку там за такія рэчы „сьвеціць“ карцэр — гэтак вядома пра парадкі ў Бабруйскай калёніі. Але жахліва тое, што ўжо 7 месяцаў гэта цягнецца і ніяк ня могуць паставіць дыягназ! Або ня хочуць».
На гэтым тыдні міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвясьціла тэрміновую акцыю ў падтрымку беларускага вязьня сумленьня Зьмітра Паліенкі і заклікае ўсіх неабыякавых людзей зьвяртацца да беларускіх уладаў, у тым ліку да адміністрацыі калёніі № 2 у Бабруйску, міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча і Генэральнай пракуратуры з просьбай «неадкладна і безумоўна вызваліць Зьмітра Паліенку як вязьня сумленьня, перасьлед якога зьвязаны выключна зь яго мірнай дзейнасьцю».
«Незразумела, якім чынам ён атрымаў гэтую рану. Дзмітры Паліенка таксама пакутуе ад астмы. Адміністрацыя калёніі накіравала яго на вытворчасьць, якая прадукуе шмат пылу, і гэта пагоршыла ягоны стан. Невядома, ці атрымлівае ён адэкватную мэдычную дапамогу з нагоды абвастрэньня астмы, але ягоныя блізкія сьцьвярджаюць, што не», — піша Amnesty International у заяве пра Зьмітра Паліенку.
Бацька палітвязьня Аляксандар Паліенка пацьвердзіў, што сына нядаўна перавялі на вытворчасьць пальчатак, дзе шмат пылу.
7 красавіка 2017 году суд Заводзкага раёну Менску адмяніў адтэрміноўку пакараньня сацыяльнаму актывісту Зьмітру Паліенку ў выглядзе 2 гадоў зьняволеньня за напад на міліцыянта падчас акцыі «Крытычная маса», якая адбылася ў траўні 2016 году. Сваёй віны ў нападзе на супрацоўніка міліцыі Паліенка не прызнаваў. На волю Зьміцер Паліенка мае выйсьці ў кастрычніку 2018 году.