Савет Міністраў Беларусі ўтварыў 28 лютага Раду па разьвіцьці лічбавай эканомікі, паведамляе партал pravo.by. Акрамя чыноўнікаў, у новы орган увайшлі ІТ-прадпрымальнікі, якія сталі суаўтарамі дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі».
Плянуецца, што Рада будзе каардынаваць дзейнасьць па рэалізацыі лічбавай палітыкі ў сфэры лічбавай трансфармацыі эканомікі і разьвіцьця інфармацыйных тэхналёгій. Каардынацыяй структуры будзе займацца Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Раду ўзначаліць прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў. У яе склад увайшлі:
- Васіль Мацюшэўскі — першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі;
- Міністар сувязі і інфармацыі Сяргей Папкоў;
- Дзьмітры Шадзько — намесьнік міністра сувязі і інфарматызацыі;
- Аркадзь Добкін — сузаснавальнік і выканаўчы дырэктар амэрыканска-беларускай кампаніі EPAM, якая распрацоўвае праграмаваньне для вядучых тэхналягічных кампаній сьвету і лічыцца адной з найбольш хутка растучых ІТ-кампаній у сьвеце;
- ІТ-прадпрымальнік, інвэстар Дзьмітры Гурскі;
- кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій Усевалад Янчэўскі;
- Дзяніс Алейнікаў, старшы партнэр юрыдычнай фірмы «Алейнікаў і Партнэры»;
- намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Дзьмітры Калечыц;
- ІТ-прадпрымальнік Алег Кандраценка;
- Аляксандар Курбацкі — старшыня экспэртнай Рады Парку высокіх тэхналёгій, загадчык катэдры тэхналёгій праграмаваньня факультэту прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ;
- намесьнік кіраўніка дзяржавы па нацыянальнай бясьпецы Віктар Лукашэнка;
- кіраўнік беларускага прадстаўніцтва Microsoft Антон Мякішаў;
- кіраўнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Андрэй Паўлючэнка;
- намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Мікалай Снапкоў;
- Аляксандар Турчын — кіраўнік апарату Савету Міністраў Беларусі.
Аўтары «ІТ-дэкрэту»: «Нам падарылі найлепшыя з магчымых умоў для працы»
Аляксандар Лукашэнка падпісаў 22 сьнежня дэкрэт «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які накіраваны на разьвіцьцё ІТ-сэктару. Дакумэнт легалізаваў у Беларусі ўжываньне крыптавалютаў, іх здабычу і стварэньне, а таксама вызваліў «крыптавалютчыкаў» ад падаткаў да 2023 году.