Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтары «ІТ-дэкрэту»: «Нам падарылі найлепшыя з магчымых умоў для працы»


Лукашэнка наведвае офіс кампаніі аднаго з ініцыятараў «ІТ-дэкрэту» Віктара Пракапені, у цэнтры — кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі, архіўнае фота
Лукашэнка наведвае офіс кампаніі аднаго з ініцыятараў «ІТ-дэкрэту» Віктара Пракапені, у цэнтры — кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі, архіўнае фота

22 сьнежня Аляксандар Лукашэнка паведаміў пра падпісаньне дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які легалізуе крыптавалюты, пашырае спэктар дзейнасьці Парку высокіх тэхналёгій і дае ягоным рэзыдэнтам шырокія прэфэрэнцыі. Свабода публікуе рэакцыі на гэтую навіну прадстаўнікоў ІТ-супольнасьці, якія бралі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы рэзананснага дэкрэту.

Што там у новым «ІТ-дэкрэце»? Каротка пра асноўнае​

Усевалад Янчэўскі, кіраўнік Адміністрацыі ПВТ:

«Прэзыдэнт Беларусі падтрымаў усе ідэі і ініцыятывы ІТ-супольнасьці. Дэкрэт, яшчэ да падпісаньня, у прэсе часам называлі рэвалюцыйным. Па сутнасьці, ён такі і ёсьць. У Беларусі сапраўды ствараюцца адны з найлепшых у сьвеце ўмоў для разьвіцьця ІТ, хайтэку ў цэлым, бізнэсаў на аснове тэхналёгіі блокчэйн і шмат чаго іншага». (Паводле Tut.by)

Аляксандар Чэкан, вэнчурны партнэр фонду Haxus, інвэстар:

«Усе ўжо ведаюць, што Дэкрэт аб лічбавай эканоміцы падпісаны: пра гэта прэзыдэнт абвясьціў літаральна на пятай хвіліне трохгадзіннай нарады сёньня, але ўсе дэлегаты былі без тэлефонаў :) Усё, што будзе ў прэсе, вы і так убачыце, а я хачу расказаць асабістую гісторыю.

Некалькі гадоў таму я быў на замежным Startup Weekend (конкурс стартапаў. — РС) і па-добраму зайздросьціў тым 50 стартапэрам, перад якімі асабіста выступіў прэмʼер-міністар. «Цікава, ці дажыву я да такога», — падумаў я і нават напісаў тады калегам захопленае кранальнае СМС аналягічнага зьместу. Нарада па ІТ у прэзыдэнта ў мінулы панядзелак і сёньняшняя навіна аб падпісаньні, вядома, пераўзышлі самыя сьмелыя чаканьні».

Дзьмітры Гурскі, ІТ-прадпрымальнік, інвэстар:

«Прэзыдэнт сам адзначыў, што ён не спэцыяліст шмат у якіх канцэпцыях, апісаных у дэкрэце, але ён рашыўся даверыцца думцы экспэртнай супольнасьці, якая ўдзельнічала ў стварэньні дэкрэту. Гэта сапраўды сьмелы дакумэнт і сьмелы крок прэзыдэнта. Без падтрымкі Аляксандра Рыгоравіча такая рашучая ініцыятыва не магла б здабыць жыцьцё (ня толькі ў Беларусі — у любой краіне рэвалюцыйныя зьмены заканадаўства патрабуюць велізарнай палітычнай волі).

Мне б хацелася сказаць дзякуй Аляксандру Рыгоравічу за яго здольнасьць быць адкрытым да новага, за шчырае жаданьне зрабіць Беларусь інавацыйнай і квітнеючай дзяржавай.

...Нам падарылі найлепшыя з магчымых умоў для працы. Далей — усё залежыць ад нас».

Дзяніс Алейнікаў, старшы партнэр юрыдычнай фірмы «Алейнікаў і Партнэры»:

«Сёньня меў гонар выступіць перад прэзыдэнтам з прамовай пра ІТ-краіну і пра самы галоўны для ІТ-супольнасьці дэкрэт... Дзякуй вам, спадар прэзыдэнт! І ад усяго нашага ІТ, і ад калегаў з усяго сьвету. Мы хочам, каб Беларусь была першай. І хай усё будзе добра!»

Ці варта распаўсюдзіць «ІТ-дэкрэт» на ўсіх? Разважаюць эканаміст і айцішнік

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG