Анастасія Вашукевіч (Насьця Рыбка), якую затрымалі ў Тайляндзе за правядзеньне нелегальнага «сэкс-трэнінгу» разам з Аляксандрам Кірылавым (Алекс Лэсьлі), пасьля суду і адбыцьця пакараньня будзе дэпартаваная ў Беларусь.
Пра гэта паведаміла расейскаму агенцтку РИА Новости адвакат Ваніда Сайлахіт, якая спэцыялізуецца на экстрадыцыйным заканадаўстве.
— Дэпартаваную грамадзянку Беларусі па законе можна толькі назад на радзіму. Грамадзян Расеі — у Расею. У адрозьненьне ад экстрадыцыі, калі асноўным фактарам зьяўляецца тое, у якой краіне або супраць якой краіны было зьдзейсьнена злачынства, экстрадзіраваць могуць і ў трэцюю краіну. Пры дэпартацыі пытаньне аб тым, куды менавіта дэпартаваць, не стаіць: заўсёды ў краіну грамадзянства, — сказала агенцтву экспэртка.
— Так што Вашукевіч як грамадзянка Беларусі будзе дэпартаваная менавіта ў Беларусь, а Кірылаў, які заехаў у Тайлянд па расейскім пашпарце, у Расею. Іншае магчыма толькі ў тым выпадку, калі будзе запыт ад якой-небудзь краіны сьвету аб іх экстрадыцыі, але пакуль, наколькі мне вядома, такога запыту ніхто не дасылаў, — дадала Сайлахіт.
Аляксандар Кірылаў і Анастасія Вашукевіч, больш вядомыя пад псэўданімамі Алекс Лэсьлі і Насьця Рыбка, папрасілі аб палітычным прытулку ў ЗША. Пра гэта паведамляе расейскі тэлеканал «Дождь» са спасылкай на тэкст ліста, які давераная асоба Рыбкі Павел Юнко перадаў у амбасаду ЗША ў Бангкоку.
Кірылаў у сваім звароце называе наступствы расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага, у якім згадваецца Рыбка, «вялікім палітычным скандалам». Яны з Вашукевіч сьцьвярджаюць, што валодаюць нейкай «вельмі важнай для ЗША інфармацыяй» і «вельмі рызыкуюць сваімі жыцьцямі».
Напярэдадні Анастасія Вашукевіч праз Інстаграм зьвярнулася да «амэрыканскіх спэцслужбаў» і СМІ. Яна заявіла пра гатоўнасьць расказаць нейкія падрабязнасьці ўмяшаньня Расеі ў выбары прэзыдэнта ЗША, калі ёй дапамогуць з вызваленьнем з-пад арышту ў Тайляндзе.
26 лютага стала вядома, што Вашукевіч і Кірылаў затрыманыя ў Тайляндзе за незаконнае правядзеньне «сэкс-трэнінгу». Пазьней іх адпусьцілі пад заклад, але тут жа арыштавалі супрацоўнікі тайляндзкай міграцыйнай службы. Вашукевіч сьцьвярджае, што раней да яе ў паліцыю прыходзілі супрацоўнікі Інтэрполу і заявілі, што яе «вельмі хочуць бачыць у Маскве».
У пачатку лютага апазыцыянэр Аляксей Навальны апублікаваў расьсьледаваньне аб магчымай датычнасьці да карупцыі намесьніка кіраўніка ўрада Расеі Сяргея Прыходзькі і расейскага мільярдэра Алега Дзерыпаскі. Чыноўнік і бізнэсовец улетку 2016 году правялі некалькі дзён на яхце, дзе, як мяркуецца, абмяркоўвалі ўмяшаньне Крамля ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. Гэта стала вядома дзякуючы словам Вашукевіч, якая кажа, што знаходзілася з іншымі жанчынамі на яхце алігарха.
Дзерыпаска ў лютым падаў у суд на Вашукевіч за разгалашэньне асабістай інфармацыі. 28 лютага Усць-Лабінск раённы суд, які прыняў пазоў, перадаў яго ў іншую інстанцыю — Краснадарскі раённы суд — за дзень да даты разгляду.