Дзяржаўны тайляндзкі тэлеканал Nation апублікаваў відэа затрыманьня групы людзей, у ліку якіх беларусы Настасься Вашукевіч, вядомая пад імем Насьця Рыбка, і «сэкс-трэнэр» Аляксандар Кірылаў, вядомы як Алекс Лэсьлі.
Паліцыянты затрымалі каля 10 чалавек (як паведамляецца, расейцаў) за правядзеньне незаконнага «сэкс-трэнінгу» ў курортным мястэчку Патая.
Як заявіў «РИА Новости» загадчык консульскага аддзелу амбасады Расеі ў Тайляндзе Ўладзімір Сасноў, затрыманых чакае суд, а пасьля дэпартацыя — маўляў, пра гэта паліцыянты «нефармальна паведамілі» амбасадзе, бо фармальна не абавязаныя паведамляць аб затрыманьнях «за нелегальную працу і візавыя парушэньні».
Беларускія дыпляматычныя прадстаўніцтвы пакуль не публікавалі інфармацыі пра затрыманых беларусаў.
Насьця Рыбка стала вядомай пасьля публікацыі расьсьледаваньня расейскага Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага, у якім, дзякуючы публікацыям Настасьсі ў сацсетках удалося выкрыць сувязь расейскага алігарха Алега Дзерыпаскі і расейскага віцэ-прэм’ера Сяргея Прыходзькі.