У прэстыжным расейскім выдавецтве «Corpus» рыхтуецца да выданьня расейскі пераклад кнігі літоўскай пісьменьніцы Руты Ванагайце «Mūsiškiai» («Нашы»), дзе дасьледуецца ўдзел літоўцаў у Галакосьце ў гады Другой сусьветнай вайны.
Прадмову да кнігі напісала ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятлана Алексіевіч. Пра гэта аўтарка паведаміла на сваім профілі ў Facebook.
Рута Ванагайце летась у сакавіку была госьцяй інтэлектуальнага клюбу Сьвятланы Алексіевіч. Сустрэча зь ёй адбылася ў амбасадзе Літвы ў Беларусі.
Кніга «Mūsiškiai» выклікала ў Літве вялікі рэзананс. Да Руты Ванагайце тэму ўдзелу літоўцаў у зьнішчэньні габрэйскага насельніцтва Літвы дасьледавалі пераважна спэцыялісты-гісторыі. Яе кніга выйшла тыражом 25 тысячаў асобнікаў і шырока разышлася, спарадзіўшы дыскусіі, знайшоўшы прыхільнікаў і апанэнтаў і вывеўшы гэтую тэму з «зоны маўчаньня».
Your browser doesn’t support HTML5
Кніга ўжо выйшла ў перакладзе на польскую мову і на іўрыт.
Рута Ванагайце ўвосень 2017 году апынулася ў цэнтры скандалу, які выклікалі ў Літве яе выказваньні пра немэтазгоднасьць абвяшчэньня 2018 году годам А. Раманаўскаса-Ванагаса, паваеннага камандзіра літоўскага рэзыстансу. Свае высновы пісьменьніца зрабіла пасьля азнаямленьня са справай камандзіра ў архівах КГБ. На яе адрас гучала вострая крытыка і пагрозы. Выдавецтва «Alma littera», дзе выходзілі яе кнігі, спыніла зь ёй супрацоўніцтва, зьняла ўсе кнігі з продажу і мела ў плянах пусьціць іх пад нож.
Пазьней Рута Ванагайце публічна прызнала, што памылялася ў ацэнцы архіўных дакумэнтаў. Нядаўна выдавецтва вярнула пісьменьніцы яе кнігі, і цяпер яна прадае іх праз інтэрнэт.