Літоўская спэцыялістка ў галіне грамадзкіх сувязяў і пісьменьніца Рута Ванагайце паведаміла ў сваім профілі ў Фэйсбуку, што выдавецтва «Alma littera», як яно і абяцала, зьняло з продажу ўсе яе кнігі і ўжо іх утылізавала.
Рашэньне выдавецтва было прынятае ў выніку скандалу, выкліканага нядаўнімі выказваньнямі Руты Ванагайце. Пісьменьніца ў размове зь літоўскім публічным тэлеканалам LRT заявіла, што знайшла ў архівах КГБ дакумэнты, якія сьведчаць, што герой літоўскага паваеннага супраціву Адалфас Раманаўскас-Ванагас супрацоўнічаў з савецкімі спэцслужбамі. Літоўскі Сойм зьбіраецца абвясьціць 2018 год Годам Раманаўскаса-Ванагаса.
Навіна пра зьнішчэньне кніг у дэмакратычнай эўрапейскай краіне выклікала пэўную занепакоенасьць у сацыяльных сетках, нават сярод тых, хто асудзіў выказваньні Руты Ванагайце.
Гэтую занепакоенасьць падзяліла і Сьвятлана Алексіевіч. Рута Ванагайце паведаміла ў сваім профілі ў Фэйсбуку:
«Я атрымала цудоўны ліст падтрымкі ад сваёй сяброўкі, ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч. Яна прайшла празь мясарубку ў сваёй краіне. За „Цынкавых хлопчыкаў“. Яшчэ горшую мясарубку. Яна сказала, што ня спала ноч, калі даведалася, што мае кнігі зьнішчаюць. Дзякую, Сьвятлана, за тваю бяссоньніцу».
2 сакавіка сёлета Рута Ванагайце была госьцяй Інтэлектуальнага клюбу Сьвятланы Алексіевіч.