Літоўская рада па культуры абвясьціла, што завяршыла рэгістрацыю заявак на атрыманьне індывідуальных і пэдагагічных стыпендый. Паводле ацэнкі экспэртаў, паступіла 688 заявак. У сфэры літаратуры — 92.
У ліку тых, хто падаў заяўкі — і Рута Ванагайце, якая просіць выдзеліць стыпендыю на 2018 год для збору матэрыялаў і напісаньня кнігі «Нязьніклыя» і для напісаньня кнігі «Злачынства і цішыня» у 2018-2019 гадах, піша Lietuvos žinios.
Некалькі дзён таму ў Літве разгарнуўся скандал вакол пісьменьніцы. Ванагайце выказала сумнеў што да аўтарытэту партызанскага камандзіра Адалфаса Раманаўскаса-Ванагаса і заявіла, што ён нібыта быў агентам КГБ, ня быў катаваны, у судзе ўслаўляў СССР і, магчыма, нават меў дачыненьне да забойства габрэяў у гады Другой сусьветнай вайны. Журналіст парталу 15min.lt Угнюс Антанавічус пагартаў гэтую справу, праверыў цьверджаньні Р. Ванагайце і многія факты абверг.
У пятніцу, 3 лістапада пісьменьніца і журналістка Рута Ванагайце ў пашыраным лісьце прызналася, што памылялася, і шкадуе з прычыны «пасьпешлівых і пыхлівых камэнтароў у публічнай прасторы» ў дачыненьні да партызанскага камандзіра Адалфаса Раманаўскаса-Ванагаса.