Чарнігаўскі раённы суд Чарнігаўскай вобласьці падоўжыў да 14 красавіка знаходжаньне грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі пад вартай.
Адпаведнае рашэньне суд абвясьціў у адсутнасьць трох абаронцаў абвінавачанага ў шпіянажы беларуса.
«Усе трое адвакатаў адсутнічалі з паважлівых прычын. Я захварэла і скіравала ў суд адпаведныя дакумэнты мэдычнага характару, што гэта пацьвярджаюць», — паведаміла Свабодзе абаронца беларуса Валянціна Рагавец.
Яшчэ адзін адвакат — Тарас Герэлюк — напярэдадні паведаміў суду, што ня зможа браць удзел у сёньняшнім паседжаньні, паколькі будзе знаходзіцца ў замежнай камандзіроўцы. Але суд праігнараваў гэтае паведамленьне і прызначыў паседжаньне.
Your browser doesn’t support HTML5
«Суд ня меў права разглядаць хадайніцтва пракуратуры аб падоўжаньні для Юрыя Палітыкі тэрміну трыманьня пад вартаю ў адсутнасьць ягоных адвакатаў. Гэта ёсьць працэсуальным парушэньнем. І адразу пасьля атрыманьня сёньняшняга рашэньня суда мы будзем яго абскарджваць», — падкрэсьліла Валянціна Рагавец.
Паводле адваката, наступнае судовае паседжаньне заплянавана на 27 лютага.
Юры Палітыка быў затрыманы летась у чэрвені на памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы з Беларусьсю. Пад час затрыманьня ў ягоным тэлефоне быў знойдзены зашыфраваны файл з мапаю разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». За паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.
Справа супраць беларуса была адкрытая на падставе заявы вайскоўца Дзьмітрыя Острыка, які цяпер знаходзіцца ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе. Паводле Юрыя Палітыкі, ён пазнаёміўся з Дзьмітрыем Острыкам у грамадзкай арганізацыі «Поўнач», якая дапамагала памежнікам ахоўваць дзяржаўную мяжу Ўкраіны. Беларус хацеў працаваць валянтэрам у гэтай арганізацыі.