Былы судзьдзя і адвакат Гары Паганяйла не выключае, што працэс над украінскім журналістам Паўлам Шаройкам паводле абвінавачаньня ў шпіянажы ўжо пачаўся ў Менску за зачыненымі дзьвярыма, у той час як у Чарнігаве пачынаюць судзіць «беларускага шпіёна» Юрыя Палітыку.
Гары Паганяйла патлумачыў Свабодзе розьніцу паміж гэтымі двума працэсамі.
«Не выключаю, што гэты працэс ужо пачаўся, але за зачыненымі дзьвярыма, як у нас прызвычаіліся судзіць шпіёнаў. Толькі прысуд зробяць адкрытым», — так пракамэнтаваў зьвесткі пра тое, што прызначаны суд над украінскім журналістам Паўлам Шаройкам, былы судзьдзя, праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Паганяйла.
Сваю вэрсію Паганяйла падмацаваў некалькімі назіраньнямі.
«Глядзіце, КДБ нічога не камэнтуе, Вярхоўны суд не дае ніякай інфармацыі — гэта вельмі падазрона, а якраз сёньня ў Чарнігаве пачынаецца суд над беларусам, якога ўкраінцы вінавацяць у шпіянажы супраць Украіны. Нашы ўлады сапраўды маглі ўсё зрабіць люстрана».
У Чарнігаве працэс пачынаецца з папярэдняга паседжаньня і адкрыта, а ў Беларусі — усё ў тайне. Прычына ня толькі ў розным заканадаўстве дзьвюх краінаў, тлумачыць Паганяйла.
«Законы, па сутнасьці, аднолькавыя, але ў нас практыка склалася так, што гэткія справы праходзяць толькі закрыта. У нас пракурор можа перад судом паставіць пытаньне пра закрытасьць працэсу, што вырашаецца ў двух варыянтах. Альбо суд яшчэ да разгляду справы ў судзе прымае рашэньне праводзіць ад пачатку закрытае паседжаньне, альбо гэта можна вырашыць падчас так званай установачнай часткі працэсу. Але ў справах пра шпіёнаў вырашаюць звычайна так», — кажа Паганяйла.
Паводле Паганяйлы, закрытасьць працэсу можа тлумачыцца наяўнасьцю ў справе сакрэтных зьвестак, «на якія і палююць шпіёны».
«Так, калі толькі частка працэсу робіцца закрытай, дзе гучаць гэтыя зьвесткі, гэта больш дэмакратычна, але юрысты кажуць, што ня гэта галоўнае. А галоўнае ў тым, ці выконвае суд усе патрабаваньні закону, ці не парушаюцца правы на абарону, ці ўсебакова і непрадузята разглядаюцца ўсе аргумэнты абвінавачаньня і абароны? Калі гэта ёсьць, дык і вынікам закрытых працэсаў можна давяраць. Плюс абарона мае права абскардзіць прысуд».
Калі справа слухаецца ці будзе слухацца ў Вярхоўным судзе, мяркуе Паганяйла, дык апэляцыя і касацыя сапраўды немагчымыя, абскардзіць такі прысуд магчыма толькі ў парадку нагляду, што зьніжае эфэктыўнасьць абскарджаньня.
«Мы, праваабаронцы, даўно кажам, што такая норма, закладзеная ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, супярэчыць Канстытуцыі, якая гарантуе права на абскарджваньне судовых прысудаў. Гэта мы лічым відавочным парушэньнем правоў чалавека, але заканадаўца так ня лічыць», — мяркуе Паганяла.
Пры гэтым справы аб шпіянажы ў Беларусі і ва Ўкраіне Пагянйла назваў «звычайнай барацьбой шпіёнскіх устаноў» дзьвюх дзяржаў і выказаў прагноз, што асуджаных за шпіянаж у выніку проста абмяняюць.
«Усе краіны шпіёняць адна супраць другой, усім патрэбная сакрэтная інфармацыя, празь якую і ўзьнікаць такія сытуацыі. Але для мяне як праваабаронца важна, каб пры гэтым не парушаліся правы людзей, якіх прыцягнулі да суду, у тым ліку іх права на абарону. Пра тое, ці ёсьць прэтэнзіі ў гэтым сэнсе ў нашага суайчыньніка, якога судзяць у Чарнігаве, мы ўсе ведаем дзякуючы празрыстасьці ўкраінскага працэсу, ролі ў ім адваката. Што да беларускай сытуацыі, тут усё наадварот: невядома, калі суд; невядома, ці ёсьць скаргі на здароўе ў Шаройкі, ці азнаёмілі яго з абвінавачаньнем своечасова — нічога невядома. Мы бачым у гэтым наступства таго, што адвакат у Беларусі пазбаўлены тых магчымасьцяў бараніць кліента, якія ёсьць у калег ва Ўкраіне», — мяркуе Паганяйла.
Пра тое, што працэс над украінскім журналістам Паўлам Шаройкам, абвінавачаным у шпіянажы супраць Беларусі, прызначаны, паведаміла ягоная адвакатка Ларыса Быкава раніцай 12 лютага. Пры гэтым яна не сказала, калі мусіць пачацца гэты суд. У Вярхоўным судзе зьвесткі абаронцы Паўла Шаройкі не камэнтуюць.