Расейскі дэпутат Затулін прапануе дэнансаваць дамову з Украінай у частцы прызнаньня межаў

Дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Канстанцін Затулін.

Дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Канстанцін Затулін, які зьяўляецца членам кіруючай фракцыі «Адзіная Расея», прапанаваў дэнансаваць Дамову аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве паміж Расеяй і Ўкраінай у той частцы, дзе краіны прызнаюць тэрытарыяльныя межы адна адной.

Пра гэта 14 студзеня паведамляе расейскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «РІА Навіны».

Дэпутат лічыць, што дамова «аднабакова выгадная» Ўкраіне. «Бо без абумоўленьня мэханізмаў партнэрства, супрацоўніцтва і дружбы ў дамове мы прызнаем тэрытарыяльныя межы Ўкраіны, а яны, адпаведна, нашы — на момант падпісаньня і ратыфікацыі гэтага дакумэнту. Гэта значыць, гаворка ідзе пра тое, што, падпісаўшы гэтую дамову, Расея ў 1997-м, а потым у часе ратыфікацыі ў 1999 годзе пацьвердзіла, што яна лічыць, скажам, Крым і Севастопаль часткай тэрыторыі Ўкраіны», — адзначыў Затулін.

Складзеная ў 1997 годзе Дамова аб дружбе, супрацоўніцтве і партнэрстве паміж Расеяй і Ўкраінай зьяўляецца асноватворным дакумэнтам расейска-ўкраінскіх адносін. Яна прадугледжвае стратэгічнае партнэрства дзьвюх краін «на аснове прынцыпаў узаемнай павагі, сувэрэннай роўнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, непарушнасьці межаў, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, непрымяненьня сілы або пагрозы сілай, уключаючы эканамічныя і іншыя спосабы ціску».

У лютым 2014-га невядомыя ўзброеныя людзі, якіх называлі «зялёнымі чалавечкамі», захапілі галоўныя дзяржаўныя ўстановы Аўтаномнай Рэспублікі Крым і ўзьнялі над будынкамі расейскія сьцягі. Акрамя таго, яны блякавалі ўкраінскія ваенныя часткі. Пасьля ў Расеі прызналі, што «зялёныя чалавечкі» — расейскія вайскоўцы.

16 сакавіка 2014 на тэрыторыі Крыма і горада Севастопаля адбыўся так званы рэфэрэндум аб статусе паўвострава, па выніках якога Расея заявіла пра ўключэньне Крыма ў свой склад.

Украіна афіцыйна абвясьціла пачаткам часовай акупацыі Крыма Расеяй 20 лютага 2014-га. Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыма незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі. Масква адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».