З Сырыі паступаюць паведамленьні пра новую газавую атаку з ужываньнем газападобнага хлёру ва Ўсходняй Гуце, прыгарадзе Дамаску, перадае ВВС.
Як паведамляюць актывісты, жыхары гэтага раёну адчулі характэрны пах газу неўзабаве пасьля ракетнага ўдару, нанесенага ўрадавымі войскамі па Ўсходняй Гуце. Згодна з паведамленьнямі лекараў, па мэдыцынскую дапамогу зьвярнуліся ўжо шэсьць чалавек зь лёгкімі прыкметамі атручваньня газам.
Каля 400 тысяч жыхароў Усходняй Гуты застаюцца на тэрыторыі, абложанай урадавымі войскамі, дапамогу якім аказваюць расейскія вайскоўцы. ААН назвала сытуацыю ва Ўсходняй Гуце катастрафічнай.
З пачатку грамадзянскай канфлікту ў Сырыі ў сакавіку 2011 году бакі канфлікту неаднаразова абвінавачвалі адзін аднаго ў выкарыстаньні хімічнай зброі. Часьцей за ўсё гаворка ішла пра напады з ужываньнем зарыну. Факты ўжываньня зарыну падчас некаторых нападаў былі пацьверджаныя міжнароднымі арганізацыямі.
Падчас вайны ў Сырыі 33 разы ўжывалася хімічная зброя
Паўстанцы, актывісты і шэраг краінаў неаднаразова абвінавачвалі ў выкарыстаньні газападобнага хлёру ўрадавыя сілы, аднак афіцыйны Дамаск пасьлядоўна адмаўляе абвінавачваньні ва ўжываньні хімічнай зброі.
На гэтым тыдні вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Зэйд Раад аль-Хусэйн заявіў, што ва Ўсходняй Гуце толькі за першыя дзесяць дзён 2018 году ахвярамі новай хвалі паветраных нападаў і наземных апэрацый сталі сама меней 85 мірных жыхароў.
Па словах прадстаўніка аб’яднаньня мэдыцынскіх дабрачынных арганізацый, якія працуюць у Сырыі, атакі ў канцы сьнежня — пачатку студзеня сталі самымі разбуральнымі і жорсткімі за апошнія 12 месяцаў.
Усходняя Гута ў 2017 годзе была абвешчаная Расеяй, Іранам і Турэччынай зонай дээскаляцыі. Нягледзячы на гэта, раён дагэтуль падвяргаецца ударам й артылерыйскім абстрэлам.