Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад абвінавачвае Расею і Асада ў хімічнай атацы на Сырыю


Сырыец дыхае праз кіслародную маску пасьля верагоднай хімічнай атакі ў Хан Шайхуне. Правінцыя Ідліб, 4 траўня 2017 году
Сырыец дыхае праз кіслародную маску пасьля верагоднай хімічнай атакі ў Хан Шайхуне. Правінцыя Ідліб, 4 траўня 2017 году

Рада Бясьпекі ААН правяла экстранае пасяджэньне для абмеркаваньня рэзалюцыі з асуджэньнем імавернай хімічнай атакі ў Сырыі, што забрала жыцьці ўжо 75 чалавек. Але рэзалюцыя, прапанаваная заходнімі дыпляматамі, не была выстаўленая на галасаваньне, распавядае ўкраінская служба Свабоды.

Захад лічыць адказнымі за напад прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада і Расею, якая падтрымлівае ягоны рэжым. Крэмль жа адмаўляе: вінаватыя «тэрарысты».

Атака адбылася зранку 4 красавіка ў кантраляваным антыўрадавымі паўстанцамі мястэчку Хан-Шайхун у правінцыі Ідліб. У ёй пацярпелі больш за 200 чалавек, загінулі 75 (спачатку паведамлялася пра 72, нядаўна яшчэ тры чалавекі памерлі ў турэцкай лякарні). Каля паловы загінулых — жанчыны і дзеці. Мясцовыя мэдыкі дапускаюць, што выкарыстоўваўся нэрвова-паралітычны газ зарын.

«Калі факт хімічнай атакі пацьвердзіцца, гэта стане найбольшым адначасовым ужываньнем хімічнай зброі ў Сырыі з моманту нападу ў прыгарадзе Дамаску ў жніўні 2013 году», — заявіў вярхоўны прадстаўнік ААН у пытаньнях раззбраеньня Кім Вон Су 5 красавіка падчас пасяджэньня Рады бясьпекі ААН у Нью-Ёрку.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў хімічную атаку ў Сырыі «жудаснай абразай чалавецтва». У час сустрэчы з каралём Іярданіі, адказваючы на пытаньне журналістаў пра тое, ці перагледзеў ён палітыку ў дачыненьні да Сырыі, Трамп адказаў: «Вы ўбачыце».

Старшыня Рады Эўропы Дональд Туск заявіў, што адказнасьць ляжыць ня толькі на сырыйскім рэжыме, але і на тых, хто яго падтрымлівае:

«Сырыйскі рэжым нясе адказнасьць за зьверствы. Але ўсе, хто падтрымлівае рэжым, падзяляе маральную і палітычную адказнасьць за сытуацыю», — заявіў Туск 5 красавіка на прэс-канфэрэнцыі ў Атэнах.

Масква ж, якая мае права вета ў Радзе бясьпекі ААН, абараняе свайго сырыйскага саюзьніка. У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што забруджаньне стала вынікам уцечкі з кантраляванага сырыйскімі паўстанцамі сховішча хімічнай зброі, што нібыта адбылося пасьля авіяўдару сырыйскіх урадавых сілаў. Прадстаўнік расейскага Міністэрства абароны нават заявіў, што тыя атрутныя рэчывы «выкарыстоўваліся баевікамі ў Алепа» — маўляў, тыя жа сымптомы зафіксавалі расейскія спэцыялісты ў Алепа мінулай восеньню.

Але, як заявіў прадстаўнік Вялікай Брытаніі ў ААН Мэцью Рыкрафт, няма сьведчаньняў, каб у Сырыі нейкі бок канфлікту, акрамя сілаў аль-Асада, меў такую хімічную зброю.

«Расея скажа, што ў нас няма дастатковай інфармацыі пра атаку, але пакуль усё сьведчыць, што напад, учынены з дапамогай авіяцыі, працягваўся некалькі гадзін. Мы бачым прыкметы выкарыстаньня ядавітага рэчыва нэрвова-паралітычнага дзеяньня для забойства больш як 100 чалавек і сотняў параненых», — заявіў Рыкфарт у сераду на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН.

У адказ Уладзімір Сафронаў, які цяпер прадстаўляе ў ААН Расею, назваў пазыцыю прадстаўніка Лёндану «безадказнай» і «непрафэсійнай»:

«Гэта тлумачыцца тым, што вы нічога ня робіце для нармалізацыі сытуацыі ў Сырыі, а робіце толькі адно — укідаеце у Раду бясьпекі правакацыйныя праекты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG