За 13 гадоў настаўнік з Магілёва наведаў усе 118 раёнаў Беларусі

Юрась Каласоўскі аб’ехаў усю Беларусь. Ён пабываў у кожным са 118 раёнаў краіны. На гэта ў яго пайшло 13 гадоў. Свабода пагаварыла з настаўнікам беларускай мовы з Магілёва, які на цягніках, аўтобусах і пешшу наведаў кожны рэгіён краіны.

«Мне муляў статус чалавека, які наведаў 116 з 118 раёнаў»

Юрась Каласоўскі наведвае Ельск у 2008 годзе

​На мінулым тыдні на Свабодзе выйшла «Інтэрактыўная мапа беларускага вандроўніка». Тысячы чытачоў дзяліліся вынікамі сваіх вандровак па Беларусі. Юрась Каласоўскі — адзін зь некалькіх чалавек, што наведалі кожны раён. Пра ўсходнія мястэчкі, якія зьдзіўляюць жыхароў Горадні і Берасьця; вандроўкі, 30-кілямэтровую прабежку паміж Смалявічамі і Лагойскам і Лоеў, адно з найпрыгажэйшых месцаў Беларусі, ён расказаў у інтэрвію Свабодзе.

— Юрась, вы сапраўды наведалі ўсе 118 раёнаў Беларусі?

— Так, мэтанакіравана. На працягу 13 гадоў я вандраваў, каб пабываць у кожным раёне. Калі вучыўся ў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Машэрава, неяк мне ў галаву прыйшла думка, што я зусім ня ведаю Беларусі. Назвы такіх гарадоў, як Смаргонь, Ашмяны, Іўе ці Калінкавічы, для мяне былі абстрактнымі паняцьцямі.

1 траўня 2002 году я сеў на цягнік і паехаў зь Віцебску ў Барысаў. Гэта быў пачатак майго доўгага падарожжа. Увосень і ўзімку былі вандроўкі па Віцебшчыне. А першыя гарады на захадзе Беларусі я наведаў увесну 2004 году. Гэта Зэльва і Слонім. Мне яны запомніліся як утульныя гарадкі. Там захавалася даваенная забудова, шмат камяніц, невысокія дамы, пафарбаваныя ў розныя колеры. Ва ўсходняй Беларусі такога няма. Там больш савецкай архітэктуры.

На «Інтэрактыўнай мапе беларускага вандроўніка» ў Юрася 100% вынік

За пяць гадоў студэнцтва ў мяне атрымалася наведаць каля 100 раёнаў. Потым была служба ў войску. Калі я дэмабілізаваўся, з вайсковай часткі ў Слуцку паехаў адразу не дадому, а ў Дзятлава. І толькі адтуль ужо ў Магілёў.

Потым я стаў працаваць выкладчыкам у Магілёве, зьявілася сям’я. І ўжо не атрымлівалася вандраваць так часта, як раней. Гады з тры пра мяне гаварылі як пра чалавека, які наведаў 116 раёнаў з 118. І доўга мне гэта муляла. Улетку 2015 году я вырашыў «дабіць» гэтыя два раёны Гомельскай вобласьці. Апошнім стаў Брагінскі — самы паўднёвы ў краіне. Я знарок пакінуў яго на дэсэрт.


Каб трапіць са Смалявічаў у Лагойск, прабег 30 км

Апошнім раёнам, дзе пабываў Юрась, быў Брагінскі. Гэта было летам 2015 года

— І паўсюль вы былі «па-сапраўднаму»? Гэта без уліку таго, дзе былі праездам?

— Так, я быў у кожным раённым цэнтры. Не лічу за наведваньне, калі проста праяжджаў раён ці пабыў там паўгадзіны, пастаяў на вакзале. Я менавіта прыяжджаў і некалькі гадзінаў шпацыраваў па горадзе, хадзіў у мясцовыя музэі, храмы.

Ад 2002 году я пачаў адзначаць наведаныя раёны на мапе, вёў дзёньнік падарожжаў. Там запісана дата кожнай вандроўкі.

— А як вы звычайна падарожнічаеце?

— Дабіраюся часьцей за ўсё грамадзкім транспартам: цягнікамі ці аўтобусамі. Часам сумяшчаю вандроўкі грамадзкім транспартам з прабежкамі.

— Гэта як?

— Апошнія пяць гадоў я ўдзельнічаю ў маратонах. Але часам бегаю і проста паміж гарадамі. Аднойчы прыехаў начным цягніком у Смалявічы і адтуль пабег у Лагойск — гэта каля 30 кілямэтраў. З 4-й да 7-й раніцы бег.

Мапа, дзе Юрась адзначаў раёны, што ён наведаў

А якая вандроўка была самай далёкай?

— Да Маларыты, відаць. Каб туды трапіць, трэба было ехаць начным цягніком з Магілёва да Берасьця, а адтуль яшчэ да Маларыты аўтобусам. І назад такім жа чынам. Каб наведаць адзін раён, патраціў двое сутак.

А ўвогуле начныя цягнікі — вельмі зручная опцыя. Бывала, што тры ночы праводзіў у цягніках. У пятніцу ўвечары выяжджаю, а раніцай у панядзелак вяртаюся. Еду ноч, два-тры раёны наведваю ўдзень, потым яшчэ ноч еду — на раніцу ў іншым месцы. І так выходныя свае праводзіш.


Заходнікі зьдзіўляюцца мястэчкам Усходняй Беларусі

Юрась Каласоўскі на чарговым маратоне ў Польшчы

— Але наколькі цікава падарожнічаць па Беларусі?

— У нас ёсьць што рабіць і на што глядзець. З кожнай вобласьці я магу назваць мясьціны, куды варта прыехаць. Мне вельмі падабаецца Лоеў на Гомельшчыне — унікальнае месца. Там можна стаяць на высокім беразе ракі і глядзець на Ўкраіну, на прыгожыя краявіды Дняпра. Ня так даўно езьдзіў у Давыд-Гарадок і Тураў, каб пабачыць малыя мястэчкі Палесься.

Мне таксама падабаюцца ціхія паўночныя раёны зь іх азёрамі — Лепель, Вушачы, Расоны. З цэнтральнай Беларусі магу назваць пагоркі Дзяржынску, Клецку і Капыля. Доўга магу пра гэта расказваць. Мне, шчыра кажучы, ня столькі запамінаюцца храмы і музэі, куды я таксама хаджу, але найбольш мясцовыя краявіды з рэкамі, азёрамі і пагоркамі. Асабліва запамінаеш гэта, калі ідзеш пешкі 20-30 км.

— Мяркуючы па выніках «Інтэрактыўнай мапы вандроўніка», найменш папулярныя рэгіёны — акурат усходнія раёны Віцебскай вобласьці, Магілёўшчына і Гомельшчына. На вашу думку, што там можа быць цікавага?

— Я пяць гадоў вучыўся ў Віцебску, таму спачатку я «закрываў» Віцебшчыну і родную Магілёўшчыну. Але гэтыя месцы сапраўды менш папулярныя сярод турыстаў.

Сябры з Заходняй Беларусі думалі, што на ўсходзе ледзь ня выпаленая зямля. А насамрэч столькі цікавых рэчаў.

З чым гэта зьвязана? Па-першае, адчуваецца сьлед камуністычнай улады. Там менш помнікаў архітэктуры, менш храмаў і замкаў.

Па-другое, Усходняя Беларусь ня так разрэклямаваная, як іншыя турыстычныя аб’екты. Калі да мяне прыяжджалі сябры з Заходняй Беларусі, з Горадні і Берасьця, я паказваў ім нашыя мястэчкі, той жа Шклоў і Быхаў на Магілёўшчыне, Рагачоў на Гомельшчыне, Навалукам’е мне падабаецца на Віцебшчыне, Ворша і Смаляны. І яны зьдзіўляліся. Думалі, што там ледзь ня выпаленая зямля, а насамрэч столькі цікавых рэчаў.

— Калі вы пабывалі ва ўсіх раёнах, ці яшчэ застаўся стымул для падарожжаў па Беларусі?

— Хацелася б яшчэ «закрыць» гарады, якія не зьяўляюцца райцэнтрамі. Бо яшчэ не паўсюль бываў. У Скідалі, Белаазёрску, напрыклад.

Апошнім часам я спалучаю свае вандроўкі па Беларусі і замежжы з маратонамі. Выбіраю цікавыя гарады, дзе праходзяць спаборніцтвы, і еду туды. У той жа Польшчы гарадоў 10-15 аб’ехаў такім чынам. Ва Ўкраіну, Літву і Латвію езьдзіў, каб паўдзельнічаць у маратонах.

А ў 2007 годзе ў мяне зьявілася новая традыцыя: кожны год выбіраюся ў горад, дзе праходзіць Дзень беларускага пісьменства. За 11 гадоў я так наведаў 11 гарадоў.