Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Леніна да Леніна. Вандроўка па Беларусі стала дакумэнтальным фільмам


Сцэна з фільму «Вакол Беларусі на роварах з маторамі»
Сцэна з фільму «Вакол Беларусі на роварах з маторамі»

Ёсьць у народных літаратурах шаблён, згодна зь якім насьледны прынц ці нехта накшталт у выглядзе звычайнага падарожніка ідзе ў народ, каб паглядзець, чым той жыве, якую адчувае патрэбу і зь якімі сустракаецца цяжкасьцямі. Канешне, у першую чаргу ідэя чапляе, таму што дадае высакароднасьці ў вобраз героя, але апроч гэтага тут схаваны важны рэсурс — з дапамогай гэтага шаблёну можна расказаць пра простага чалавека, агульную тэрыторыю і рэальнае становішча дзяржавы. Нешта падобнае, хоць няма тут рамантызаваных насьледных прынцаў, увасобілася ў сучаснай дакумэнтальнай карціне «Вакол Беларусі на роварах з маторамі» — драйвовай, лірычнай і вельмі фактурнай.

Амаль два месяцы яны езьдзілі «ад Леніна да Леніна»

Два хлопцы — сузаснавальнік мультымэдыйнага праекту 34mag.net Барыс Нікалайчык і вядомы падарожнік Раман Сьвечнікаў — адправіліся ў трып па краіне на аздобленых кітайскімі маторамі роварах Aist і сталі адначасова галоўнымі героямі фільму і яго стваральнікамі. Амаль два месяцы яны езьдзілі «ад Леніна да Леніна», глядзелі Радзіму і здымалі кіно, якое ў выніку стала «Найлепшым дакумэнтальным фільмам» Нацыянальнага конкурсу кінафэстывалю «Лістапад». Больш за тое, я б не зьдзівілася, калі б з-за карціны, пры належных піяр-кампаніі і пракаце, у краіне пачалося масавае вандраваньне на роварах, а для брэнду Aist наступіў залаты век. Таму што са сьціплага сюжэту пра падарожжа па некалькіх гарадах Беларусі атрымалася адно з самых багатых на эмоцыі відовішчаў у сучасным беларускім кіно, і гэтыя эмоцыі хочацца расьцягнуць.

Шмат у чым інтуітыўна зьняты і змантаваны фільм можна лічыць паказальным прыкладам у нашай негустой кінасфэры. Тыя, хто сёньня дакарае незалежнае кіно за непрафэсійнасьць, знойдуць, чым папракнуць. Але ў карціне ёсьць нешта больш важнае — дапытлівасьць і багаты бэкграўнд аўтараў, іх непадуладнасьць штампам і здольнасьць непрадузята і мэтафарычна мысьліць, што дазваляе лёгка прымаць прапанаваны вобраз краіны, на які карціна, канешне ж, прэтэндуе. А ўлічваючы, што праблема сучаснага беларускага кінэматографу ўжо даўно ня столькі ў грашах, колькі ў няздольнасьці маладых людзей прыўносіць на экран нейкія думкі, фільм «Вакол Беларусі» становіцца цікавейшым за многія прафэсійныя работы.

Героі шукалі вобраз краіны і сапраўднае жыцьцё

Месцы дзеяньня — Орша, Горкі, Мсьціслаў, Чэрыкаў, Гомель, Мазыр, Віцебск, прамежкавыя пункты, прывалы пад адкрытым небам, хаты, лазьні і гаспадарчыя пабудовы, у якіх героям давялося начаваць, і, нарэшце, дарогі. Ад пункта, А да пунктаў В, С, D і так далей праз гумар і мэлянхолію, алькаголь і выцьверажальныя краявіды, шчырыя дыялёгі і звонкую цішыню героі шукалі вобраз краіны і сапраўднае жыцьцё. Знайшлі, здаецца, і тое, і другое, прынамсі магу ручацца за вобраз краіны, які паўстае ў відавочна-невідавочных рэчах, якія мы прастадушна ўспрымаем за атракцыён, забаву, непазьбежную атрыбутыку роўд-муві.

Тым ня менш, «Вакол Беларусі» — ня проста роўд-муві, хаця гарэзьлівай, нават бунтарскай захопленасьці падарожжам тут даволі. Якраз вобраз Беларусі аказваецца менш выразным, затое, магчыма, больш важным складнікам. Cавецкае мінулае паўстае праз помнікі Леніну, спэцыфічная масавая культура праз песьні гурта «Ласковый май» на гарадзкім сьвяце, Чарнобыль праз знак радыяцыйнай небясьпекі, практыка заробкаў у Расеі празь іх неаднаразовую — між іншым — згадку, неаспрэчная прыродная прыгажосьць праз уласна неаспрэчную прыродную прыгажосьць. І ўсё, што стаіць за савецкай спадчынай, танцах пад расейскую эстраду, повязьзю з усходнім суседам, маецца на ўвазе таксама, але гэта першасны, павярхоўны і ў цэлым элемэнтарны пласт, які нельга абмінуць, але дастаткова яго будзе хіба што для рэпартажу заежджага заходняга журналіста.

Мужчына выпівае бутэльку таннага віна за адзінаццаць сэкунд

Затое апроч гэтага пункціру ў фільме ёсьць шмат жывапісных эпізодаў — быццам шараговых допісаў у дзёньнік падарожніка, а ў той жа час трапных для апісаньня сьвету, дзе мы жывем. Як у згаданым літаратурным шаблёне, падарожнікі на роварах зьвяртаюцца да простага народу. Мужчына выпівае бутэльку таннага віна за адзінаццаць сэкунд і запэўнівае, што водка пайшла б гэтаксама. Другі зь ім побач кажа, што працуе ў калгасе, а жыве як жабрак. «Я нават сто долараў не атрымліваю», — прамаўляе ён на трасянцы і зь нецэнзурнай лексыкай, шчыра, бяз хітрыкаў, эмацыйна. Мужчына ў іншай вёсцы папярэджвае, што некаторыя мясцовыя незадаволеныя прысутнасьцю чужынцаў і запрашае хлапцоў да сябе. У краме набываецца алькаголь, па тэлефоне зьдзяйсьняюцца разборкі наконт алімэнтаў, вясковы лайдак прамаўляе тост «за прыгажосьць дамскай ляжкі».

У Мсьціславе жыхар гораду праводзіць для герояў экскурсію і жартуе пра падобны на касьцёл дом культуры, у якім танцуе моладзь. Ён жа паказвае ў куце пакоя звычайнай кватэры сваю музыкальную студыю, прызначаную для запісу рэп-кампазыцый. Ізноў п’янка, разьліваюць зь белай плястыкавай каністры. Чарговая кампанія ў Мазыры прыводзіць хлопцаў да «полымя Мордару» на нафтаперапрацоўцы і падымае шклянку за нацыянальную ідэю, якой пакуль што ў краіне няма. «Любіць Радзіму складана, рэальна складана, яе любіш праз боль. Як бы баліць сэрца, баліць усё, едзеш, глядзіш на гэта ўсё — ну поўны развал, а потым бац! — у адзін цудоўны момант, каньячку шлёп — і разумееш, што Радзіма ўвогуле, ну, якая ёсьць, такую і любіш».

Нарэшце лёгкае на пад’ём, не сапсаванае цэнзурай ці самацэнзурай кіно

Трэба бачыць гэтых людзей, бо кожны пэрсанаж што відэапалатно: плоская хударлявасьць, шчасьлівая простасьць, пацёртае адзеньне, а думкі — разумныя, пачуцьцё гумару — не адмовіш, зьбянтэжанасьць перад рэчаіснасьцю — натуральная. Невыпадкова алькаголь стаў лейтматывам фільму — ён тут і лягічны знак беларускага жыцьця, і спосаб гэтае жыцьцё спазнаць, бо калі ты не наліваеш, хто табе што раскажа. «Вакол Беларусі» — нарэшце лёгкае на пад’ём, не сапсаванае цэнзурай ці самацэнзурай кіно, якое ідзе за выявамі навакольля і не баіцца яго агіднасьці, і нават на ёй не спэкулюе. Яно выстаўляе дзіўныя ракурсы, «каб было бачна хаця б напалову», мантажуе таксама быццам няўмела, але ня без ідэі, і аб’ядноўвае ў адно сваю гарэзьлівасьць і сур’ёзны імпэт. Усё здымаецца і зьбіраецца як бы інстыктыўна, у чым бачыцца прыемная свабода, нязвыклы тып мысьленьня, выхад за рамкі звычайнага ці прынятага — усё, чаго нашаму традыцыйнаму грамадзтву не хапае. Уставіць у карціну нэгатыўныя камэнтары пра прэзыдэнта — чаму не, гэта ж натуральная тэма для размовы. Толькі нам — усё ж сапсаваным самацэнзурай — гэта, на жаль, падаецца надзвычайным.

Вобраз краіны мог бы так і застацца раздробленым шэрагам выяваў — некалькі павярхоўных сымбаляў, парачка іранічных эпізодаў, пэрсанажы зь іх няхітрай адкрытасьцю. Але закадравы голас рэжысёра аб’ядноўвае ўсё згаданае і надае шчымлівы лірызм, ажно да болі. Ён суправаджае дзіўную сцэну з канём у закінутай царкве. Ён кажа пра містыку і чартаўшчыну, што адсылае да паганскага мінулага. Ён зьвязвае ўсё ў адно і падводзіць пад свае маторы, якія ўвесь час выходзяць са строю, што таксама можна разумець сымбалічна. Ён кажа пра герояў карціны і хоча «разьдзяліць іх боль, праўду і зьбянтэжанасьць». Нарэшце, замест дакумэнтальнага камэнтатара голас становіцца асобным паэтычна-лірычным складнікам.

Беднасьць, неўладкаванасьць, п’янства, і ўсё роўна зь любоўю

Вобраз краіны склаўся — а ты перад ім разгублены. Перад абсурдам гэтай рэчаіснасьці і сцэнамі абсалютнай ад яе аўтаномнасьці, перад вуглаватым падцягваньнем штаноў мінаком-прапойцам і неаспрэчнай прыгажосьці плянамі. Тут табе беднасьць, неўладкаванасьць, п’янства, і ўсё роўна зь любоўю. Закадравы голас выклікае дзіцячыя ўспаміны, а ты разумееш, што фільтры сышлі назаўсёды і рэальнасьць паўстае ў сваёй парадаксальнай (спрэчнай) прыгажосьці. Шукаць сапраўднае жыцьцё — дык на беларускіх роварах з кітайскімі маторамі, танцаваць — дык пад «Ласковый май», піць — дык за нацыянальную ідэю.

Ірэна Кацяловіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG