Што беларусы ведаюць пра Чылі? Вузкая палоска ўздоўж Ціхага акіяну на мапе Паўднёвай Амэрыкі, дзе два дзесяцігодзьдзі кіраваў дыктатар Піначэт. Пра Беларусь чылійцы ведаюць яшчэ менш, чым мы пра іх.
Адзінае, што аб’ядноўвае беларускія балоты і чылійскія горы, — Ігнат Дамейка. Па Дамейкавых мясьцінах паезьдзіў беларускі эколяг, сузаснавальнік Майстэрні самастойных падарожжаў Павал Гарбуноў. Свабода пагаварыла зь ім па вяртаньні ў Беларусь.
У адной краіне — зіма і лета, марскія львы, дэльфіны і пінгвіны
Паўднёвая Амэрыка была маёй марай ужо дзесяць гадоў. Памятаю, як аднойчы я адкрыў праграму GoogleEarth, дзе можна «вандраваць» па спадарожнікавых здымках і нават пабачыць ляндшафт. І «пайшоў» дасьледаваць Паўднёвую Амэрыку.
Мяне так зацікавілі гэтыя мясьціны, што я стаў чытаць адну за адной кнігі пра гэты рэгіён. Аж да таго дачытаўся, што вырашыў — трэба ехаць.
Цягам наступных дзесяці гадоў у мяне было багата розных вандровак, але трапіць у Паўднёвую Амэрыку ніколі не даваў рады. А сёлета так супала, што на працы ў мяне атрымаўся двухмесячны перапынак паміж праектамі, і да таго ж зьявіліся танныя квіткі на пералёт з Эўропы ў Паўднёвую Амэрыку (агулам дарога мне каштавала 450 эўра ў два бакі). Гэта быў шанец, якім нельга было не скарыстацца. Пэўны час я стаяў перад пытаньнем: Чылі ці Аргентына? Але ўсё вызначылася вельмі проста: атрымаць аргентынскую візу складаней за чылійскую, і таму я абраў Чылі.
Чылі месьціцца ў паўднёвым паўшар’і, дзе падчас нашай зімы ідзе лета. Аднак чылійскае лета цёплае не ва ўсёй краіне. Чылі цягнецца з поўначы на поўдзень больш як на 5 тысяч кілямэтраў. І калі на поўначы была сьпякота, на поўдні было надвор’е, як у нас халодным летам. Калі ж крыху падняцца ў горы, то можна было пахадзіць і па сьнезе.
Па прылёце ў Пэру, якое мяжуе з Чылі на поўдні, я праехаў чатыры тысячы кілямэтраў на поўдзень. За гэты час я пабачыў кліматычныя зьмены, якія можна было б назіраць, едучы з Маўрытаніі ў Нарвэгію. Чылі — неверагодна разнастайная краіна. Як яны кажуць, там ёсьць усё, акрамя джунгляў.
На поўначы — пустыня Атакама. На ўзьбярэжжы акіяна можна пабачыць і дэльфінаў, і марскіх львоў, і нават пінгвінаў. Літаральна ў адзін час, але ў розных рэгіёнах можна пакатацца і на лыжах у гарах і на сэндбордзе ў пустыні.
У Андах можна пабачыць вадаспады, гейзэры і шмат вульканаў, якіх у Чылі каля дзьвюх тысяч, у тым ліку 50 актыўных. На многія можна ўскараскацца і паглядзець у жарало. Таксама ў гарах можна рабіць неверагодныя пешыя паходы — трэкінгі. Напрыклад, трэкінг вакол масіву Торэс дэль Пайнэ на поўдні краіны лічыцца самым прыгожым у сьвеце. Гэта асобная вандроўка, якую я вырашыў пакінуць на наступнае падарожжа.
Чылійцы прыязныя, але ўсё дорага
У Чылі вельмі прыемна зьдзіўляесься мясцовым людзям. Усе адзначаюць, што чылійцы вельмі адкрытыя, у чым я таксама пераканаўся. Я б сказаў, што па адкрытасьці яны пераўзыходзяць нават грузінаў.
Увесь час ты бачыш, як незнаёмыя людзі пачынаюць размаўляць паміж сабой на вуліцы. Чылійцы вітаюць амаль кожнага чалавека. Толькі ў буйных гарадах так ня робяць. І гэтаксама замежнік можа падысьці да любога і пачаць размову, якая, можна быць упэўненым, прынясе толькі пазытыў. За два месяцы падарожжа я меў стасункі зь некалькімі сотнямі людзей, і толькі двойчы ў размове зь мясцовымі я адчуваў нейкі нэгатыў.
Перад прыездам у Чылі я ня ведаў гішпанскай мовы практычна зусім. Аднак я праехаў аўтаспынам амаль усё Чылі, і гэта мне не замінала. Размаўляць з кіроўцамі прыходзілася на ламанай гішпанскай, жэстамі, «ангельскімі словамі з гішпанскім акцэнтам», пры дапамозе слоўніка. Таму пагутарыць «па душах» было ўжо складана.
Праблема ў Чылі толькі адна — гэта нятанная краіна. Там эўрапейскія кошты на ўсё. Калі вандраваць па гарадах, мінімум трэба мець 25–30 даляраў на дзень — ня менш як тысячу даляраў на месяц. У Пэру, напрыклад, у два разы ўсё таньнейшае. Тое самае кажуць пра Аргентыну. Таму, калі вы хочаце проста пабываць у Паўднёвай Амэрыцы і ў вас няма адмысловага інтарэсу ў Чылі, я б раіў ехаць у Аргентыну ці Пэру.
Беларуская шыльда ў Кардыльеры Дамейка
Пра Ігната Дамейку, які родам з Наваградчыны, а за ўдзел у Таварыстве філяматаў у Віленскім унівэрсытэце быў вымушаны зьехаць у Чылі, я ведаў даўно. Калісьці ў мяне нарадзілася думка, каб аб’езьдзіць месцы сьвету, якія маюць беларускія імёны. Іх, насамрэч, ня так шмат: хрыбет Чэрскага ў Саянах, праліў Вількіцкага ў Арктыцы.
Але Ігнат Дамейка — чэмпіён па колькасьці мясьцін і іншых рэчаў, названых у ягоны гонар, — больш за 80. Самы вялікі аб’ект, які носіць імя Дамейкі, — Кардыльера Дамейка: вульканічны горны хрыбет у Андах на поўначы Чылі. Гэты горны хрыбет цягнецца на 650 км — гэта як уся Беларусь з поўдня на поўнач.
З усіх мясьцінаў, зьвязаных зь ягоным імем, самай галоўнай была гара Сэра-Кімаль — найвышэйшы пункт у Кардыльеры Дамейка. Я ўзьняўся на вяршыню гары і паставіў там мэмарыяльную дошку ад беларусаў у гонар Дамейкі. Шыльду пры падтрымцы кампаніі «Будзьма» мы зрабілі загадзя ў Менску. Можа, гэта ўвогуле першая беларуская шыльда ў Чылі.
Акрамя Кардыльеры Дамейка я наведваў і іншыя месцы, зьвязаныя з нашым земляком. Напрыклад, невялічкі гарадок у пустыні, які мае назву Дамейка. Яшчэ ёсьць геалягічны музэй.
У Сант’яга захаваўся дом Дамейкі. Там цяпер жыве звычайная сям’я, і экскурсіяў звычайна ня ладзяць. Але я вёз для іх падарункі з музэю Міцкевіча (Міцкевіч і Дамейка добра сябравалі). Пасьля беларускіх прэзэнтаў і аповеду пра маё падарожжа гаспадары запрасілі мяне ў свой дом. Цікава, што хоць гэта і звычайная сям’я, але яны захавалі ў доме ўсю атмасфэру 19 стагодзьдзя некранутай.
У дамейкаўскія мясьціны я ехаў ня ў якасьці дасьледчыка. Пра ягонае жыцьцё ўжо даўно напісаныя кніжкі, зьняты дакумэнтальны фільм. Мне хацелася пагаварыць зь мясцовымі людзьмі, спытаць, што яны пра яго ведаюць, ці чулі пра Беларусь. Збольшага чылійцы ведаюць Дамейку, бо ўсё ж такі ён нацыянальны герой Чылі. Наколькі шмат пра яго ведаюць — гэта ўжо залежыць ад узроўню адукацыі.
Расею, Польшчу і Ўкраіну ведаюць, Беларусь — не
Беларусаў у Чылі жыве няшмат. У групе ў фэйсбуку, празь якую яны гуртуюцца, каля 20 чалавек. Усе, з кім я кантактаваў, — мігранты ў першым пакаленьні, і пра старэйшых беларусаў яны ня ведаюць.
Можна сказаць, што чылійскія беларусы задаволеныя сваім жыцьцём у гэтай краіне. Абіраючы Чылі ў якасьці краіны для эміграцыі, людзі насамрэч маюць рацыю, таму што гэта пэрспэктыўная гішпанамоўная краіна з высокім узроўнем жыцьця. І Беларусі шмат у чым трэба яе даганяць.
Самі ж чылійцы пра Беларусь амаль нават і ня чулі. Аднойчы мне назвалі сталіцу Беларусі, але гэты хлопец меў тут сябра. Звычайна даводзілася апавядаць, што гэта паміж Польшчай і Расеяй. І тады яны маглі перапытаць: а ці далёка ад нас да Ўкраіны? Таму што Ўкраіну яны зь мінулага году ведаюць. Але ня больш. Польшчу ведаюць, але пра яе звычайна кажуць «муй леха» — вельмі далёка.
Некаторыя чулі, што Дамейка — паляк. Чаму так? Ну, напрыклад таму, што ў Чылі ёсьць польская амбасада, якая час ад часу ладзіць імпрэзы. Жаданьня пераконваць людзей у адваротным у мяне не было. Я проста тлумачыў, што беларусы лічаць, што Дамейка зь Беларусі, літоўцы — што зь Літвы. Гэта была вельмі складаная сытуацыя, а калі ён нарадзіўся, гэта ўвогуле была Расейская імпэрыя.
Таксама трэба вызначыцца з тым, навошта Беларусі патрэбны Дамейка. Я думаю так: можа, і ня варта «цягнуць» гэтага чалавека да сябе толькі дзеля пустой ганарлівасьці. Якое дачыненьне да яго маюць сучасныя беларусы? Амаль ніякага. Але калі мы хочам, каб праз сувязь з Дамейкам зрабіць нешта для нашай нацыянальнай самасьвядомасьці, гэта іншая справа. Вось, напрыклад, адчынілі музэй Дамейкі на Наваградчыне — цудоўна. Зьнялі дакумэнтальную стужку — таксама выдатна. Але на Ютубе гэты фільм паглядзелі за год толькі 70 чалавек. Дык хіба цікавы для беларусаў Дамейка?