У Кіеве спрабавалі разагнаць акцыю пратэсту. У паліцыі кажуць, што шукалі Саакашвілі

Ілюстрацыйнае фота. Сутыкненьні паміж паліцыяй і прыхільнікамі Міхэіла Саакашвілі ў Кіеве 5 сьнежня 2017 году

Удзельнікі акцыі пратэсту, што трывае ў Кіеве каля Вярхоўнай Рады Ўкраіны, заяўляюць пра спробы штурму паліцыяй намётавага мястэчка.

«А шостай раніцы прачнуліся ад крыкаў „Пад’ём!“ Ветэраны-атошнікі — малайцы. За сэкунды занялі пазыцыі», — напісала ў Facebook адна з актывістак, перасяленка з Крыму Ліза Багуцкая.

Паводле яе, спачатку была спроба псыхалягічнага ціску на пратэстоўцаў, а праз 20 хвілін — «атака сілавікоў». У часе сутыкненьня некаторым актывістам разьбілі галовы. Удзельнікі пратэсту пачалі будаваць барыкады.

«Раніцай, выконваючы даручэньне Генэральнай пракуратуры, паліцыя і Служба бясьпекі Ўкраіны праводзілі захады вышуку ды затрыманьня Саакашвілі. Актывісты пачалі чыніць супраціў і правакаваць правааахоўнікаў», — паведамілі Свабодзе ва ўпраўленьні Нацыянальнай паліцыі Кіева.

Адначасова суразмоўца падкрэсьліў, што ніводзін удзельнік акцыі ня быў затрыманы падчас гэтых дзеяньняў спэцслужбаў.

***

5 лістапада сьледчыя Генпракуратуры ды Службы бясьпекі Ўкраіны прыйшлі па ператрус у кіеўскую кватэру, што арандуе Міхэіл Саакашвілі, грузінскі палітык, які за агрэсіўную крытыку атачэньня Пятра Парашэнкі пазбавіўся ня толькі пасады кіраўніка Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі (у 2016 годзе), а і ўкраінскага грамадзянства (у 2017-м).

Кар’ера Міхэіла Саакашвілі: ад прэзыдэнта ў Грузіі да лавы падсудных ва Ўкраіне?

Украінскія ўлады абвінавачваюць Саакашвілі ў спробе дзяржаўнага перавароту і атрыманьні паўмільёна даляраў на акцыі пратэсту ва Ўкраіне ад блізкага да Віктара Януковіча алігарха Сяргея Курчанкі, што ўцёк пасьля Эўрамайдану ў Расею. У дачыненьні да Міхэіла Саакашвілі распачатая крымінальная справа паводле часткі 1 артыкулу 256 Крымінальнага кодэкса Украіны — спрыяньне ўдзельнікам злачыннай арганізацыі і іх фінансаваньне.

Саакашвілі затрымалі, але праваахоўнікі не змаглі прывезьці палітыка на допыт — ягоныя прыхільнікі блякавалі аўтамабіль на працягу некалькі гадзін, а пазьней пашкодзілі яго і вызвалілі палітыка. Адразу пасьля гэтага Міхэіл Саакашвілі ўзначаліў калёну пратэстоўцаў, накіраваўшыся да будынку Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Падчас выступу на мітынгу Міхэіл Саакашвілі абвергнуў абвінавачаньні, высунутыя на ягоны адрас.

Your browser doesn’t support HTML5

Беспарадкі ў Кіеве 5 сьнежня: як арыштоўвалі і адбівалі Міхаіла Саакашвілі

Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што Саакашвілі цяпер знаходзіцца ў статусе «уцекача». Па словах Луцэнкі, сваімі дзеяньнямі палітык паставіў пад сумнеў магчымасьць абраньня для яго меры стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту. Генпракурор таксама паведаміў, што супраць грамадзян, якія вызвалялі Саакашвілі з аўтамабіля, адкрытыя крымінальныя справы. Сьледзтва найбліжэйшым часам таксама вызначыцца зь дзеяньнямі ў дачыненьні да васьмі дэпутатаў парлямэнту, якія спрыялі ўцёкам палітыка з-пад варты.

У лістападзе Міхэіл Саакашвілі ўзначаліў акцыю пратэсту каля Вярхоўнай Рады Ўкраіны, дзе было ўсталяванае намётавае мястэчка з патрабаваньнямі да ўлады актывізаваць барацьбу з карупцыяй. Пазьней удзельнікі акцыі пашырылі свае патрабаваньні да імпічмэнту прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.