Саакашвілі расказаў, што начальнік Упраўленьня дзяржаўнай аховы Украіны Валерый Гелетэй асабіста камандаваў апэрацыяй па дэпартацыі з краіны чацьвярых выкрадзеных ва ўкраінскай сталіцы 17 лістапада яго паплечнікаў і сяброў. Па словах Саакашвілі, іх пераправілі на верталётах з Кіева ў Адэсу, затым адвезьлі ў порт Чарнаморск і пасадзілі на паром, на якім у нядзелю 19 лістапада яны прыбылі ў грузінскі порт Поці.
Сярод дэпартаваных, у прыватнасьці, журналіст тэлеканалу «Руставі 2» Тамаз Шаўшышвілі і грузінскі добраахвотнік Вано Надзірадзэ.
Шаўшышвілі распавёў падчас ўключэньня праз Скайп з Грузіі, што 17 лістапада да яго ўварваліся ў кіеўскую кватэру спэцназаўцы СБУ, зьбілі нагамі, закруцілі скотчам вочы і павезьлі ў аэрапорт. Паводле журналіста, у яго ёсьць акрэдытацыя МЗС Украіны і ён не парушаў ніякіх ўкраінскіх законаў, але тым ня менш прадстаўнік спэцслужбы паведаміў яму пра забарону на ўезд ва Украіну на тры гады.
Паводле інфармацыі Службы бясьпекі Ўкраіны, за апошнія дні на радзіму прымусова вярнулі восем грамадзян Грузіі. Гэтае рашэньне прынятае СБУ, як заяўляюць у ведамстве, на падставе матэрыялаў Дзяржаўнай міграцыйнай службы і Нацыянальнай паліцыі аб тым, што дзейнасьць гэтых замежнікаў супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны.
Між тым, Саакашвілі перакананы, што «беспадстаўная дэпартацыя з Украіны ў Грузію сяброў і паплечнікаў», пазбаўленьне яго ўкраінскага грамадзянства, а таксама адкрыцьцё крымінальнай справы супраць былога намесьніка генпракурора Ўкраіны Давіда Сакварэлідзэ сьведчаць пра ўзмацненьне палітычнага ціску ўкраінскіх уладаў на лідэраў і актывістаў «Руху новых сіл».