Падчас цырымоніі сустрэчы прадстаўнікоў краінаў Эўразьвязу і сябраў праграмы «Ўсходняга партнэрства» кіраўнік беларускай дэлегацыі міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў пра намеры Беларусі на брусэльскім саміце.
«З аднаго боку ў нас Расея, зь іншага — Эўрапейскі Зьвяз, і цяпер яны, на жаль, супернікі. Мы хацелі б быць у баку ад гэтай канфрантацыйнай рыторыкі. Мы хацелі б не ствараць новыя лініі падзелу ў Эўропе, але аб’ядноўваць нашыя намаганьні, каб пераадолець гэтую канфрантацыйную рыторыку», — сказаў Макей.
На пытаньне журналістаў, ці будзе ў Беларусі новае пагадненьне з Эўразьвязам, Уладзімер Макей адказаў:
«Я перакананы, што будзе, і перакананы, што гэта будзе раней, чым пазьней, і мы з нашымі эўрапейскімі партнэрамі працуем над гэтым».
«Нічога не перашкаджае заключэньню гэтага пагадненьня. Трэба рухацца паступова і рабіць тыя крокі, якія кожны з бакоў павінен зрабіць. Разуменьне таго, што неабходна заключыць гэта пагадненьне, мне падаецца, ёсьць», — дадаў міністар замежных спраў Беларусі ў адказ на пытаньне, што перашкаджае заключэньню гэтага пагадненьня.
Your browser doesn’t support HTML5
Праект Эўрапейскага Зьвязу «Ўсходняе партнэрства» мае на мэце разьвіцьцё інтэграцыйных сувязяў Эўразьвязу з шасьцю краінамі былога СССР: Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. Сёньня у Брусэлі пачынаецца 5 саміт у рамках гэтай праграмы Эўразьвязу.
У адрозьненьне ад папярэдніх самітаў на сустрэчу лідэраў краінаў партнэрства ў Брусэль быў запрошаны Аляксандар Лукашэнка, але ў мінулы панядзелак стала вядома, што беларускую дэлегацыю ўзначаліць ня ён, а міністар замежных спраў Уладзімер Макей.