Прадстаўнікі беларускай апазыцыі прынялі ўдзел у шостым саміце Эўрапейскай народнай партыі ў Брусэлі.
У сталіцы Бэльгіі, дзе 24 лістапада пройдзе саміт лідэраў краін-удзельніц праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства», увечары 23 лістапада сустрэліся кіраўнікі эўрапейскіх краін, урадаў і партыяў, якія зьяўляюцца сябрамі і назіральнікамі Эўрапейскай народнай партыі (ЭНП), найбуйнейшай палітычнай сілы ў аб’яднанай Эўропе.
Кіраўнікі Эўрапейскай Рады Дональд Туск, Эўракамісіі — Жан Клёд Юнкер, Эўрапарлямэнту — Антоніё Таяні на чарговай сустрэчы лідэраў ЭНП абмяркоўвалі падрыхтоўку да заўтрашняга саміту «Ўсходняга партнэрства» з прадстаўнікамі асобных краін. У ліку апошніх прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саргсьян, кіраўнік ураду Вугоршчыны Віктар Орбан, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, а таксама ўкраінскія палітыкі Юлія Цімашэнка і Віталь Клічко.
Беларусь на сустрэчы прадстаўлялі лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі і Руху «За Свабоду» Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч. АГП і БХД прынятыя ў склад ЭНП у якасьці назіральнікаў, Рух «За Свабоду» мае намер падаць заяўку на атрыманьне такога статусу.
У выніковай дэклярацыі лідэраў Эўрапейскай народнай партыі аб будучыні «Ўсходняга партнэрства» пад уплывам беларускіх палітыкаў быў уключаны асобны пункт наконт сувязяў ЭЗ і Беларусі:
«Эўрапейская народная партыя прапануе ініцыяваць фармат дыялёгу паміж Эўразьвязам і Беларусьсю з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый і палітычнай апазыцыі ў Беларусі».
Сярод іншага ЭНП таксама заявіла пра важнасьць эўрапейскай пэрспэктывы як рухомай сілы для рэформаў у краінах-партнэрах, прызнала іх эўрапейскія памкненьні і эўрапейскі выбар. Глыбіня адносінаў Эўразьвязу з кожным партнэрам, на думку ЭНП, залежыць ад жаданьня гэтых краін, а таксама ад таго, наколькі яны падзяляюць эўрапейскія каштоўнасьці і праводзяць адпаведныя рэформы, — зазначаецца ў выніковым дакумэнце саміту ЭНП.
Назіральнік на гэтым форуме Віталь Рымашэўскі ў інтэрвію Свабодзе гэтак ацаніў галоўны беларускі інтарэс у саміце Эўрапейскай народнай партыі:
«Важна, што праблема датрыманьня правоў чалавека і свабодных выбараў у Беларусі застаецца важнай і актуальнай для Эўрапейскага Зьвязу. Гэта дасягнута ў тым ліку дзякуючы незалежным палітычным сілам Беларусі і нашым партнэрам у Эўразьвязе. Важна, што тут у дэбатах удзельнічаюць і ўлады і палітычныя сілы. І ўлады Эўразьвязу ў цэлым, а таксама асобных краін пачулі наш зварот аб тым, што немагчымыя паўнафарматныя адносіны паміж ЭЗ і Беларусьсю без выкананьня правоў чалавека, без прагрэсу ў справе правядзеньня свабодных выбараў. Гэта застаецца ў эўрапейскім парадку дня і мы будзем на гэтым надалей настойваць».
Эўрапейская народная партыя — правацэнтрысцкая агульнаэўрапейская палітычная партыя, заснаваная ў 1976 годзе. Уключае ў сябе хрысьціянска-дэмакратычныя і кансэрватыўныя партыі краін Эўропы. ЭНП — адна з найбуйнейшых партый Эўропы, прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Эўразьвязу, у Эўрапарлямэнце, а таксама ў Радзе Эўропы.
бачаньне адзінай і неразьдзеленай Эўропы цяпер «падрываецца Расеяй у выніку яе агрэсіі супраць Украіны
У дэклярацыі сёньняшняга саміту ЭПП між іншага заяўлена, што бачаньне адзінай і неразьдзеленай Эўропы цяпер «падрываецца Расеяй у выніку яе агрэсіі супраць Украіны, нелегальнай анэксіі Крыму, акупацыі двух грузінскіх рэгіёнаў, а таксама гібрыднымі пагрозамі, дэзынфармацыяй, дэстабілізуючымі дзеяньнямі і прапагандай, якія пагражаюць эўрапейскай бясьпецы ў цэлым».
Партыйная сустрэча прайшла ў гатэлі «Сафітэль» непадалёк ад будынку Эўрапарлямэнту.