24 лістапада ў Брусэлі пачынаецца саміт краінаў-удзельніц ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства». Гэта — першы саміт Партнэрства, на які быў афіцыйна запрошаны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Аднак 21 лістапада Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла, што Лукашэнка на саміт не паедзе, беларускую дэлегацыю ўзначаліць кіраўнік МЗС Уладзімер Макей.
Што такое «Ўсходняе партнэрства»?
Праект Эўрапейскага зьвязу, які мае на мэце разьвіцьцё інтэграцыйных сувязяў ЭЗ з шасьцю краінамі былога СССР: Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай
Хто прапанаваў?
Ідэя праекту была прадстаўленая міністрамі замежных справаў Польшчы і Швэцыі Радаславам Сікорскім і Карлам Більдтам на Радзе ЭЗ 26 траўня 2008 году. Дыскусія аб стварэньні «Ўсходняга партнэрства» адбылася 19-20 чэрвеня 2008 году на пасяджэньні Эўрапейскай Рады. На пасяджэньні Нямеччына і Францыя выказаліся супраць таго, каб «Усходняе партнэрства» разглядалася як прыступка на шляху да сяброўства ў ЭЗ, у той час як Польшча і іншыя ўсходнеэўрапейскія дзяржавы выступалі за гэта.
Чаму Расею не запрасілі ва «Ўсходняе партнэрства»?
Расея мела адмысловую двухбаковую праграму супрацоўніцтва з Эўразьвязам. Гэтая праграма мае на мэце істотнае збліжэньне па шэрагу кірункаў. Ад 2014 году, пасьля дзеяньняў Расеі адносна Ўкраіны — анэксіі Крыму, удзелу ў баявых дзеяньнях на Данбасе — праграма супрацы РФ і ЭЗ фактычна спынілася.
Што прапанавала «Ўсходняе партнэрства» 6 краінам-партнэрам?
- Дамову аб асацыяцыі
- Зону свабоднага гандлю з Эўразьвязам
- Бязьвізавы рэжым
Ці зьяўляецца «Ўсходняе партнэрства» прамежкавым этапам перад кандыдацтвам у ЭЗ?
Не, ніякія статутныя дакумэнты «Усходняга партнэрства» не прадугледжваюць, што посьпехі краінаў-партнэраў на шляху іх інтэграцыі ў эўрапейскую сацыяльна-эканамічную і палітычную прастору забясьпечваюць ім статус кандыдатаў у чальцы ЭЗ ці набліжаюць да гэтага статусу.
Якія кірункі супрацы прадугледжвае Ўсходняе партнэрства?
Рэалізацыя праграмы УП ў мэтах збліжэньня краінаў-партнэраў з ЭЗ прадугледжвае супрацоўніцтва на аснове чатырох так званых тэматычных плятформаў:
- дэмакратыя і стабільнасьць (адміністрацыйныя рэформы, антыкарупцыйныя меры, навучаньне кіроўнага апарату, разьвіцьцё інстытутаў грамадзянскай супольнасьці, свабодных СМІ і інш.);
- эканамічная інтэграцыя, стварэньне зонаў свабоднага гандлю (па меры пасьпяховага разьвіцьця гандлёва-эканамічных сувязяў і гарманізацыі заканадаўства з прававой базай ЭЗ);
- энэргетычная бясьпека (меры па забесьпячэньні надзейнага энэргазабесьпячэньня як краінаў-партнэраў, так і ЭЗ);
- разьвіцьцё кантактаў паміж людзьмі (лібэралізацыя візавага рэжыму пры адначасовым забесьпячэньні мераў па спыненьні незаконнай міграцыі).
Як працуе «Ўсходняе партнэрства»?
Найвышэйшым органам праграмы «Ўсходняе партнэрства» зьяўляецца саміт УП — сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краінаў ЭЗ і краінаў-партнэраў.
Штогод праходзяць сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ і краінаў-партнэраў.
Шматбаковае супрацоўніцтва таксама ажыццяўляецца ў рамках Парлямэнцкай асамблеі «Эўранэст» (Euronest PA), Канфэрэнцыі рэгіянальных і мясцовых органаў улады краін «Усходняга партнэрства» — CORLEAP, Форуму грамадзянскай супольнасьці «Усходняга партнэрства» і Бізнэс-форуму «Усходняга партнэрства».
Беларусь — адзіная краіна-ўдзельніца праграмы, не прадстаўленая ў Парлямэнцкай асамблеі Партнэрства. Ёй было адмоўлена, таму што Эўразьвяз не прызнаў дэмакратычнымі парлямэнцкія выбары ў Беларусі ў 2008 годзе. Месца Беларусі ў Эўранэсьце заставалася пустым з прычыны непрызнаньня дэмакратычнымі выбараў 2012 і 2016 гадоў.
У якіх праграмах «Усходняга партнэрства» ўдзельнічае Беларусь?
Асноўнай крыніцай фінансаваньня Эўрапейскай палітыкі суседзтва, у тым ліку «Ўсходняга партнэрства», зьяўляецца Эўрапейскі інструмэнт суседзтва (ENI). Бюджэт Эўрапейскага інструмэнту суседзтва на 2014-2020 гады складае 18,2 мільярды эўра. У рамках рэалізацыі Эўрапейскага інструмэнту суседзтва ў 2007-2013 гадах Беларусь атрымала 71,6 млн. эўра на праграмы і праекты ў сфэры энэргаэфэктыўнасці, экалёгіі, стандартызацыі, мэдыцыны і рэгіянальнага разьвіцьця. Мытны камітэт Беларусі ў рамках ініцыятывы «Інтэграванае кіраваньне межамі» рэалізуе праект «Спрыяньне стварэньню электроннай сыстэмы абмену папярэдняй інфармацыяй паміж мытнымі органамі Беларусі і Ўкраіны».
Гісторыя самітаў «Усходняга партнэрства»
Праскі (устаноўчы) саміт, 2009 год
7 мая 2009 года ў Празе прайшла ўстаноўчая сустрэча ў вярхах, дзе была прынятая сумесная дэклярацыя па пытаньнях «Усходняга партнэрства» і адбылося яго афіцыйнае ўтварэньне.
Галоўнай мэтай новай ініцыятывы было дэкляраванае «стварэньне неабходных умоў для паскарэньня палітычнай і эканамічнай інтэграцыі паміж ЭЗ і зацікаўленымі краінамі-партнэрамі». У дэклярацыі падкрэсьлівалася, што ў сваёй дзейнасьці «Усходняе партнэрства» будзе кіравацца прынцыпам «кандыцыянальнасьці», гэта значыць прасоўваньня наперад толькі пры ўмове выкананьня краінамі — удзельніцамі праграмы пэўных прынцыпаў ЭЗ.
Беларусь на саміце прадстаўлялі віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка і міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў. У неафіцыйных мерапрыемстваў у межах саміту бралі ўдзел прадстаўнікі беларускай апазыцыі і дыяспары — старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, палітыкі Аляксандар Казулін, Аляксандар Мілінкевіч, Станіслаў Шушкевіч і Зянон Пазьняк.
Варшаўскі саміт, 2011 год
У траўні 2010 году Польшча прапанавала стварыць у рамках праграмы «Ўсходняе партнэрства» «групу сяброў» і запрасіла Расію ўдзельнічаць у гэтай структуры. Меркавалася, што Расея будзе запрашацца для абмеркаваньня толькі некаторых мясцовых ініцыятываў, напрыклад, якія адносяцца да Калінінградзкай вобласьці. Расея, аднак, адмовілася ўключыць Калінінград у сфэру дзеяньня «Ўсходняга партнэрства».
Уключэньне Беларусі ў склад партнэрства ўзьнімала пытаньне, якую ролю адыгрывае ў ініцыятыве геапалітыка. Заходнія партнэры адмоўна ацэньвалі палітыку афіцыйнага Менску ў сфэры правоў чалавека. Аднак былі перасьцярогі, што пры выключэньні Беларусі з Партнэрства, Масква ўзмоцніць свой кантроль над Менскам.
Саміт у Варшаве праходзіў у самы разгар канфлікту паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам. ЭЗ увёў маштабныя фінансавыя і візавыя санкцыі адносна беларускіх урадоўцаў пасьля брутальнага разгону акцыяў пратэсту ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі у сьнежні 2010 году.
На варшаўскім саміце УП афыіцыйны Менск прадстаўляў пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак.
Брусэльская сустрэча кіраўнікоў МЗС, 2012 год
У ліпені 2012 году ў Брусэлі адбылася сустрэча міністраў замежных спраў ЭЗ і краінаў-удзельніц Усходняга партнэрства, яна была прысьвечана Беларусі. Раней Эўрапарлямэнт заклікаў міністраў абмеркаваць на сустрэчы сытуацыю з правамі чалавека ў гэтай краіне. Прадстаўнікі краінаў ЭЗ у чарговы раз нагадалі, што ўмовай актыўнага ўдзелу Беларусі ў праграмах ЭЗ па-ранейшаму застаецца выкананьне патрабаваньняў, якія тычацца правоў чалавека.
Віленскі саміт, 2013 год
Віленскі саміт Партнэрства прайшоў 28-29 лістапада 2013 году. У Вільні былі парафіяваныя дамовы аб асацыяцыі з Грузіяй і Малдовай. Меркавалася, што на саміце адбудзецца падпісаньне дамовы аб асацыяцыі з Украінай, аднак прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч адмовіўся падпісаць дамову. Кіраўнік Эўракамісіі Мануэль Барозу адхіліў прапанову Януковіча аб удзеле Расеі ў перамовах, старшыня Эўрапарлямэнту Марцін Шульц заявіў, што дамова з Украінай можа быць падпісаная з наступным прэзыдэнтам.
Беларусь на саміце прадстаўляў міністар замежных справаў Уладзімер Макей. На саміце ён абвясьціў аб аднаўленьні перамоваў паміж Менскам і ЭЗ аб лібэралізацыі візавага рэжыму.
Рыскі саміт, 2015 год
На саміце Беларусь выступіла супраць згадкі ў выніковай рэзалюцыі «анэксіі Крыму». Неўзабаве пасьля саміту амаль усе санкцыі адносна Беларусі, якія былі ўведзеныя Эўрапейскім Зьвязам, былі скасаваныя.
Беларусь на саміце прадстаўляў міністар замежных справаў Уладзімер Макей.
Чаму Аляксандар Лукашэнка ня быў ні на адным саміце «Ўсходняга партнэрства»?
Ад устаноўчага саміту ў 2009 годзе ў Празе да рыскага саміту 2015 году запрашэньне беларускаму боку адрасавалася дзяржаве, а не канкрэтнай пэрсоне. Пры гэтым паводле дасьведчаных дыпляматаў кожны раз арганізатары самітаў давалі зразумець кіраўніку Беларусі, што яго прыезд непажаданы.
У 2017 годзе на брусэльскі саміт Партнэрства кіраўнік Беларусі быў афіцыйна запрошаны, але вырашыў ня ехаць.
Пазыцыя Расеі адносна «Ўсходняга партнэрства»
Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў:
«Калі міністар замежных справаў Чэхіі кажа прадстаўнікам беларускага боку: "Вы не будзеце ў эўрапейскім партнэрстве, калі прызнаеце незалежнасьць гэтых рэспублік (Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі — РС)", як гэта можна ўспрымаць — як шантаж ці як дэмакратыю?», сакавік 2009 году
«Праграма Эўразьвязу "Усходняе партнэрства" з краінамі СНД можа нанесьці шкоду адносінам РФ з гэтымі рэспублікамі», травень 2010 году
«Усходняе партнэрства» — гэта таксама такая рэч не зусім бяскрыўдная. Я ведаю, што былі спробы ператварыць гэтае «Ўсходняе партнэрства» ў канструктыўны працэс, але ўсё ж такі верх бяруць намеры ўсяляк ў піку Расеі нешта рабіць. Сябраваць з нашымі суседзямі ў піку нам», чэрвень 2016
«Ёсьць жадаючыя ператварыць праграму "Усходняе партнэрства" ў антырасейскую задуму», чэрвень 2017 году
Сталы прадстаўнік РФ пры ЭЗ Уладзімер Чыжоў:
«Мы супраць таго, каб згаданыя краіны СНД ставіліся перад штучнай дылемай: альбо наперад, у сьветлую будучыню з Эўразьвязам, альбо назад — з Расеяй».
Першы віцэ-прэм’ер РФ Ігар Шувалаў:
«Праграма ЭЗ Усходняе партнэрства — глыбінная памылка, якая прывяла да канфлікту ва Ўкраіне»
Хто дасягнуў мэтаў «Усходняга партнэрства»?
Бязьвізавы рэжым з краінамі ЭЗ уступіў у сілу ў Малдове ў красавіку 2014 году, у Грузіі ў лютым 2017 году, ва Ўкраіне — 11 чэрвеня 2017 году.
Пагадненьні аб асацыяцыі з ЭЗ ўступілі ў сілу з 1 ліпеня 2016 году для Грузіі, а Малдовы і для Ўкраіны — з 1 верасьня 2017 году.
У 2013 годзе Армэнія адмовілася падпісаць пагадненьні аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю з ЭЗ, аддаўшы перавагу ўступленьню ў мытны саюз на чале з Расеяй. Чакаецца, што на сёлетнім Брусэльскім саміце Партнэрства Армэнія падпіша з Эўразьвязам пагадненьне аб супрацоўніцтве, якое заменіць дзейнае пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве 1999 году.
Два іншыя чальцы Партнэрства — Азэрбайджан і Беларусь — не заключылі ў межах гэтай праграмы ніякіх інстытуцыйных пагадненьняў аб супрацы з Эўразьвязам.
Пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве паміж Азэрбайджанам і ЭЗ дзейнічае з 1999 году.
Адпаведнае пагадненьне паміж Беларусьсю і ЭЗ не было ратыфікаванае дзяржавамі ЭЗ з прычыны канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў Беларусі ў 1996 годзе, які выклікаў крытыку ў краінах Зьвязу.
Юрыдычныя рамкі ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Эўразьвязам дагэтуль вызначаюцца пагадненьнем аб супрацоўніцтве, заключаным у 1989 годзе паміж Эўрапейскай супольнасьцю і Савецкім Саюзам.
«Усходняе партнэрства плюс»
У кастрычніку 2017 года камітэт Эўрапейскага парлямэнту па замежных справах прапанаваў ўтварыць мадэль «Усходняе партнэрства плюс» для Ўкраіны, Грузіі і Малдовы, якая дасьць ім магчымасьць у доўгатэрміновай пэрспэктыве далучыцца да мытнага, энэргетычнага і лічбавага саюзу ЭЗ, да Шэнгенскай зоны, а таксама скасаваць тарыфы на мабільны роўмінг з краінамі Эўразьвязу.