Пастаянная прадстаўніца ЗША пры ААН Нікі Гэйлі заявіла, што ўмяшаньне іншай дзяржавы ў амэрыканскія выбары раўназначнае «ваенным дзеяньням» і што для Расеі такое ўмяшаньне стала стандартнай тактыкай, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«Калі краіна можа ўмяшацца ў выбары іншай краіны, гэта ваенныя дзеяньні. Гэта сапраўды так, таму што вы спрабуеце пахіснуць дэмакратыю, падмяняючы волю народу распаўсюджаньнем ілжывай інфармацыі», — сказала Гэйлі, выступаючы ў чацьвер на форуме ў Інстытуце Джорджа Буша ў Нью-Ёрку.
«І гэта адбываецца ня толькі тут. Паглядзіце на Францыю і іншыя краіны. Яны робяць гэта ўсюды, — працягнула яна. — Гэта іх новая любімая зброя. І мы павінны даць рады гэтаму».
Хоць прэзыдэнт Дональд Трамп выказвае сумневы ў тым, што менавіта расейскі ўрад стаяў за леташнімі кібэратакамі падчас выбараў, Гэйлі і іншыя прадстаўнікі адміністрацыі без ваганьняў ускладаюць віну на Крэмль.
Умяшаньне ў амэрыканскія выбары 2016 году праходзіла паводле той жа схемы, што і кампаніі Крамля, закліканыя паўплываць на вынікі выбараў па ўсёй Эўропе, у тым ліку ў краінах Балтыі, а нядаўна і ў Францыі, дзе кандыдат-цэнтрыст Эманюэль Макрон атрымаў перамогу над ультраправай папулісткай Марын Лё Пэн.
Паводле Гэйлі, амэрыканская выведка «рупліва вядзе працу» ў сфэры барацьбы з кібэрпагрозамі.
Нягледзячы на здагадкі, што за ўмяшаньнем у выбары магла стаяць не Расея ці ня толькі Расея, Трамп летам падпісаў законапраект пра новыя санкцыі ў дачыненьні яе.
Пасьля ўвядзеньня санкцый Расея распарадзілася скараціць штат дыпмісіі ЗША ў краіне. Дзярждэпартамэнт у адказ на гэта выставіў аналягічныя патрабаваньні Маскве.
«Гэта проста зачароўвае. Расейцы, хай блаславіць іх Гасподзь, задаюцца пытаньнем: „Чаму ў амэрыканцаў антырасейскі настрой?“ І чаму мы ўвялі санкцыі? Ну дык ня ўмешвайцеся ў нашы выбары, і ў нас ня будзе антырасейскага настрою, — заявіла ў чацьвер Гэйлі. — І я думаю, што тут трэба паводзіць сябе жорстка і прыцягнуць іх да адказнасьці, і ўнушыць прыватнаму сэктару, што яны нясуць за гэта сваю долю адказнасьці. Мы ўсе павінны актывізаваць намаганьні пасьля гэтай падзеі».
Былы прэзыдэнт Джордж Буш-малодшы, які таксама выступіў на гэтым мерапрыемстве, выказаў заклапочанасьць з нагоды расейскага ўмяшаньня, заявіўшы, што «расейскі ўрад паставіў перад сабой задачу настройваць амэрыканцаў адзін супраць аднаго».
«Замежную агрэсію, у тым ліку кібэратакі, дэзынфармацыю і фінансавы ўплыў, нельга недаацэньваць і нельга трываць», — дадаў ён.
***