Не існуе ніякіх доказаў таго, што расейскае хакерства паўплывала на вынік прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, і было б безадказна сьпяшацца з высновамі нават пры наяўнасьці дакладу выведкі пра ўзломы. Пра гэта заявіў у панядзелак тэлеканалу Fox News Шон Спайсэр — прадстаўнік Дональда Трампа.
«Існуе нуль доказаў таго, што яны паўплывалі на выбары,» — заявіў Спайсэр. Паводле яго слоў, у дакладах выведкі гаворка ідзе пра тое, што Дэмакратычная партыя недастаткова абараняла свае кампутары, а не пра тое, што Расея паўплывала на вынік выбараў.
Калі Трамп зойме Белы дом 20 студзеня, Спайсэр павінен стаць яго прэс-сакратаром. Паводле яго слоў, абраны прэзыдэнт убачыць справаздачу выведкі ў канцы гэтага тыдня. У суботу Трамп перасьцерагаў ад таго, каб ускладаць віну на Расею за ўзлом электронных лістоў у ЗША.
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама выслаў 35 расейскіх дыпляматаў, якіх падазраюць у арганізацыі хакерскіх нападаў, і ўвёў санкцыі ў дачыненьні да двух расейскіх выведвальных агенцтваў на мінулым тыдні паводле абвінавачваньня ва ўдзеле Крамля ў хакерстве. Паводле ацэнак прадстаўнікоў выведкі ЗША, умяшаньне расейскіх узломшчыкаў дапамагло рэспубліканцу Дональду Трампу перамагчы дэмакрата Гілары Клінтан на выбарах 8 лістапада.
Вядучыя заканадаўцы ад абедзьвюх партыяў выказалі трывогу ў дачыненьні да расейскага ўмяшаньня, незалежна ад выніку галасаваньня.
Рэспубліканец Джон Макейн, старшыня камітэту Сэнату па ўзброеных сілах, заплянаваў у чацьвер правесьці слуханьні ў дачыненьні да зьнешніх кібэрпагрозаў для ЗША. Новы кангрэс, абраны 8 лiстапада, пачынае працу ў аўторак.