У Лідзе год таму павесіўся салдат — родныя ня вераць у самагубства і дабіваюцца расьсьледваньня

Ілюстрацыйнае фота

Пра яшчэ адзін выпадак суіцыду салдата ў войску распавёў партал TUT.BY. Трагедыя адбылася летась у вайсковай частцы нумар 48685 у Лідзе. Падчас сьледзтва зьніклі перадсьмяротная запіска і асабісты дзёньнік хлопца, а справу закрылі праз «адсутнасьць складу злачынства».

— Калі пра гэтага хлопца ў Печах пачалі ўсюды пісаць, мы падумалі — вось ён, наш шанс расказаць і пра Андрэя. Мы ж ужо год б’ёмся ў пошуках праўды. А праўда для нас вельмі важная. Разумееце, яго ж не адпелі... Як мы бацюшку ні ўгаворвалі, не пагадзіўся, — расказала Тацьцяна, сястра салдата тэрміновай службы Андрэя Маноніна.

20 кастрычніка споўніцца год, як яго ня стала. Увесь гэты час жанчына піша лісты ў розныя інстанцыі, разьмяшчае заклікі ў сацсетках і нават зьбіралася зьвяртацца да экстрасэнсаў. Некалькі месяцаў таму Сьледчы камітэт спыніў расьсьледаваньне крымінальнай справы праз адсутнасьць складу злачынства. Аднак родныя загінулага хлопца ня згодныя з такім рашэньнем і ва ўсім вінавацяць дзедаўшчыну.

Да сваёй гібелі Андрэй пасьпеў адслужыць у арміі пяць месяцаў: спачатку ў «вучэбцы» у Баранавічах, затым перавялі ў Ліду. Хлопец быў задаволены службай і нават ганарыўся тым, што ён салдат. З роднымі падтрымліваў сувязь кожны дзень і ніколі не скардзіўся.

Але ў кастрычніку, за тры дні да гібелі, яго як падмянілі.

— Тэлефануе і кожны раз пытаецца: «Мама, у цябе ўсё добра? Ніхто да цябе ня прыходзіў? Ты за мяне не хвалюйся», — успамінае маці загінулага.

Апошні раз Андрэй зьвязваўся з роднымі ў дзень сваёй гібелі — 20 кастрычніка 2016 году. Размова доўжылася некалькі хвілін. Хлопец прасіў маці, каб тая ні ў якім разе не прадавала ягонага каня. А ў сем вечара іншыя салдаты знайшлі ў прыбіральні Андрэя ў пятлі. Кажуць, калі здымалі, яшчэ дыхаў, але выратаваць не ўдалося.

Зь перапіскі зь міністэрствамі і ведамствамі відаць: пасьля трагедыі Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле арт. 145 «Давядзеньне да самагубства». Расьсьледаваньне то спынялася, то аднаўлялася. Увесну ж маці Андрэя прыйшло паведамленьне, у якім гаворыцца, што справа закрытая «праз адсутнасьць складу злачынства», а ў сьмерці сына вінаватых няма.

Сваякі з «адсутнасьцю складу злачынства» ня згодныя. Самы галоўны іх аргумэнт — перадсьмяротная запіска, у якой салдат вінаваціць у тым, што адбылося, канкрэтных людзей. Бачылі гэты лісток родныя Андрэя толькі аднойчы, калі прыяжджалі на допыт да сьледчага. Больш ім яго ніхто ніколі не паказваў.

— «Прабач, брат, прабач, мамачка. Не судзіце строга. Але па-іншаму я не магу. Яны мяне прымусілі. Я хацеў жыць, хацеў вярнуцца ў вёску і працаваць у калгасе. Брат, прашу цябе, пакарай іх судом», — празь сьлёзы цытуе прыблізны тэкст перадсьмяротнага пасланьня мама Андрэя. — А ў канцы ён напісаў прозьвішчы чатырох чалавек. Трое зь іх служылі разам зь ім, а чацьвёрты — сяржант-кантрактнік. Праводзіліся праверкі, іх вадзілі на допыты. Але на гэтым усё і заглухла. Вінаватых няма.

Акрамя перадсьмяротнай запіскі, на расьсьледаваньне справы мог праліць сьвятло і дзёньнік Андрэя, у які хлопец запісваў усё, што адбылося зь ім за дзень — была ў яго такая звычка. Брат і маці загінулага кажуць, што запісы ён спраўна вёў і ў войску, час ад часу нават паказваючы яго. Але пасьля сьмерці нататнік так і ня быў знойдзены.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.