Выканаўчы дырэктар кампаніі Facebook Шэрыл Сэндбэрг заявіла ў чацвер, што «цалкам» падтрымлівае ідэю апублікаваць усе рэклямныя матэрыялы, разьмешчаныя ў сацыяльнай сетцы заказчыкамі з Расеі падчас перадвыбарнай кампаніі 2016 году, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Паводле Сэндбэрг, кампанія «працуе над забесьпячэньнем празрыстасьці» пасьля таго, як у мінулым месяцы выявілася, што арганізацыя, як мяркуецца, зьвязаная з расейскім урадам, апублікавала ў Facebook рэклямныя пасты на агульную суму 100 тысяч даляраў, прысьвечаныя такім вострым пытаньням, як расавая дыскрымінацыя.
«На нашай плятформе адбываліся рэчы, якія не павінны былі адбывацца», — сказала яна ў інтэрвію заснавальніку парталу Axios Майку Алену.
Пазьней у чацьвер Сэндбэрг плянавала даць паказаньні на закрытых слуханьнях у камітэце Кангрэсу, што расьсьледуе, якую ролю магла адыграць у перадвыбарчай кампаніі публікацыя рэклямных матэрыялаў, якая пачалася ў 2015 годзе і доўжылася да нядаўняга часу.
Сума 100 тысяч даляраў, выдаткаваная на рэкляму расейскімі заказчыкамі, уяўляецца нікчэмнай у параўнаньні з сукупнымі выдаткамі на рэкляму Дональда Трампа і ягонай суперніцы Гілары Клінтан падчас перадвыбарнай кампаніі, якія склалі 2,3 мільярда даляраў.
У Кангрэсе праводзіцца некалькі расьсьледаваньняў з мэтай высьветліць, як меркаванае расейскае ўмяшаньне паўплывала на выбары.
Акрамя таго, спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер, які ў мінулым узначальваў ФБР, вядзе крымінальнае расьсьледаваньне, закліканае высьветліць, ці ўступалі набліжаныя прэзыдэнта Трампа ў змову з расейскім бокам падчас перадвыбарнай кампаніі. Сам Дональд Трамп адмаўляе, што супрацоўнічаў з Расеяй.
Кіраўніцтва Facebook раней пагадзілася даць Кангрэсу тысячы рэклямных матэрыялаў, апублікаваных у сацсетцы. Сэндбэрг у чацьвер заявіла, што лічыць важным, каб у расьсьледаваньня «склалася поўная карціна» і каб сытуацыю патлумачылі амэрыканскай грамадзкасьці.
Паводле Сэндбэрг, у сувязі з выяўленьнем куплі рэклямы расейскімі прадстаўнікамі ў Facebook вырашылі наняць 4 тысячы новых супрацоўнікаў для маніторынгу рэклямы і кантэнту. Яна дадала, што кампанія таксама выкарыстоўвае аўтаматызаваныя тэхналёгіі для выяўленьня фальшывых акаўнтаў і распаўсюджваньня фальшывых навін.
Паводле яе слоў, фальшывыя навіны — гэта «лжывая інфармацыя, інфармацыйныя ўкідваньні», і Facebook працуе над адсейваньнем такой інфармацыі, прыцягваючы іншых фактчэкераў (спэцыялістаў у праверцы фактаў) і папярэджваючы карыстальнікаў, якія зьбіраюцца падзяліцца меркавана лжывай інфармацыяй.
Яна падкрэсьліла, што пры барацьбе з распаўсюджваньнем ілжывай інфармацыі важна захоўваць асьцярожнасьць, паколькі «Facebook дазваляе людзям выказваць свае думкі», а «абмяжоўваючы свабоду слова аднаго чалавека, абмяжоўваеш усіх».
«Мы не правяраем інфармацыю, якая разьмяшчаецца ў Facebook, перад тым, як людзі яе публікуюць, і я ня думаю, што людзям бы гэтага хацелася», — сказала яна.
Сэндбэрг сказала, што для распаўсюджваньня рэклямы, аплачанай расейскім бокам, выкарыстоўваліся сотні фальшывых акаўнтаў. Аднак, калі б гэтая рэкляма публікаваліся легітымнымі карыстальнікамі, «мы б іх дапусьцілі», дадала яна.