Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook: расейскую палітычную рэкляму ўбачылі каля 10 мільёнаў чалавек


Сацыяльная сетка Facebook перадала ў Кангрэс каля трох тысяч рэклямных аб’яваў расейскіх арганізацыяў, якія разьмяшчаліся падчас перадвыбарнай кампаніі ў ЗША.

Паводле ацэнак Facebook, каля 10 мільёнаў чалавек убачылі рэкляму, разьмешчаную расейскімі арганізацыямі, якія спрабавалі паўплываць на выбары ў ЗША ў 2016 годзе.

Гэта першы выпадак, калі кампанія раскрывае ахоп і патэнцыйны ўплыў такой рэклямы. Сацыяльная сетка дапускае, што ёсьць і іншыя падобныя рэклямныя аб’явы, якія яна пакуль ня выявіла, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Кампанія апублікавала інфармацыю пра прыкладна 3 тысячы рэклямных аб’яваў у той жа дзень, калі яны былі накіраваныя сябрам камітэтаў Палаты прадстаўнікоў і Сэнату, якія вывучаюць спробы расейскіх агентаў паўплываць на апошнія прэзыдэнцкія выбары.

Крэмль масава купляе палітычную рэкляму ў Facebook?

У паведамленьні Facebook адзначаецца, што частка аб’яваў была аплачаная ў рублях.

Кампаніі было прапанавана выступіць на публічных слуханьнях трох розных камітэтаў Кангрэсу ў бліжэйшыя тыдні, каб паведаміць падрабязнасьці расейскай рэклямнай кампаніі, якая выкарыстоўвала такія вострыя тэмы, як міжрасавыя адносіны, якія выклікаюць рознагалосьсі, у спробе пахіснуць пазыцыю выбарнікаў.

У сваёй заяве Facebook прызнаў, што здольнасьці кампаніі перашкодзіць людзям выкарыстоўваць свой сайт для падрыву дэмакратыі абмежаваныя.

«Нават калі мы пойдзем на любыя крокі для кантролю за парушэньнямі, на нашай плятформе будзе зьяўляцца сацыяльна-палітычны кантэнт, які выкліча пярэчаньні ў людзей і выкліча пярэчаньні ў нас. Мы дапускаем такія паведамленьні, паколькі падзяляем каштоўнасьці свабоды слова», — гаворыцца ў заяве кампаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG