Дзьмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, заявіў, што расейскі бок ня мае да такіх абвестак ніякага дачыненьня. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў рэпарцёрам, што зьвязаная з Расеяй рэкляма — гэта «падман». Трамп напісаў у твітэры: «містыфікацыі вакол Расеі працягваюцца — цяпер гэта рэкляма ў Фэйсбуку».
Напярэдадні кіраўнік і заснавальнік Facebook Марк Цукербэрг выступіў з заявай аб магчымым умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе. У сваім відэазвароце Цукербэрг нагадаў аб супрацоўніцтве кампаніі з Кангрэсам ЗША ў справе аб магчымым расейскім умяшаньні ў леташнія выбары. Па словах Цукербэрга, сацыяльная сетка ня можа цалкам прадухіліць спробы ўмяшаньня замежных дзяржаў у выбары ў іншых краінах. Аднак Facebook мае намер распачаць шэраг крокаў для забесьпячэньня сумленнасьці выбараў.
Заснавальнік сацсеткі падкрэсьліў, што кампанія працягне ўласнае расьсьледаваньне «расейскага сьледу». Ён пацьвердзіў, што спэцыялісты глыбока вывучаюць мэханізмы, якія выкарыстоўвалі зламысьнікі для ўплыву на хаду выбараў.
Цукербэрг паведаміў, што Facebook зробіць палітычную рэкляму больш празрыстай. Карыстальнікам будзе даступная поўная інфармацыя аб рэклямадаўцах і іх пакупках.