— 1 кастрычніка інфармацыйныя агенцтвы распаўсюджвалі інфармацыю пра сотні пацярпелых у сутыкненьнях з паліцыяй у часе рэфэрэндуму. Аляксей, вы былі ў самым цэнтры падзеяў у нядзелю. Ці было адчуваньне небясьпекі?
— Я быў у месцы, дзе людзі кідалі ў паліцыю плястыкавыя конусы для дарожнай разьметкі, а паліцыя ў сваю чаргу страляла ў паветра з помпавых стрэльбаў. Гэтыя стрэльбы мне нагадалі падзеі 25 сакавіка 2006 году, калі людзі ішлі на Акрэсьціна на чале з Аляксандрам Казуліным, і там іх сустракалі «собраўцы» на чале з Паўлічэнкам, якія стралялі прыблізна з такіх стрэльбаў. У Барсэлёне паліцыя страляла ў паветра мэтрах у 20-30 ад месца, дзе я стаяў. Было шмат людзей, усе здымалі, большасьць паводзіла сябе абсалютна негвалтоўна, некаторыя спынялі тых, хто кідаў у паліцыю гэтыя конусы і іншыя прадметы. Але калі глядзіш гэта на відэа, гэта не настолькі ўражвае паводле гуку, чым калі побач з табой страляюць. Відавочна, іншы эфэкт робіць рэзкі, моцны гук.
Мы раней езьдзілі на іншы ўчастак, на які ўварвалася паліцыя, выбіла дзьверы, канфіскавала ўсе бюлетэні і выбарчыя скрыні. Там яна ўжыла таксама гэтую зброю, каб людзі расступіліся і прапусьцілі іх.
А тут, дзе адбываліся сутыкненьні, людзі не прапусьцілі паліцыю да ўчастку, і ў гэтым памяшканьні галасаваньне ўсё ж адбылося.
— З вашага пункту гледжаньня, чым адрозьніваліся дзеяньні паліцыі ў Каталёніі і ў Беларусі?
— Звонку лягчэй рабіць нейкія высновы чым, калі знаходзісься на месцы. Гэта быў адзіны момант, які я на свае вочы пабачыў. Але я ня бачыў, з чаго сутыкненьне пачалося. У Беларусі я неаднаразова бачыў, як стаяць мірныя дэманстранты і на загад «Работаем, зачистка», людзі папросту трапляюць пад атаку. Як пачалося ў гэтым канкрэтным выпадку, я ня бачыў. Расказвалі, што паліцыя спрабавала прарвацца праз натоўп, каб прабіцца на ўчастак, і яе проста не прапусьцілі. У тым месцы, дзе я бачыў сутыкненьне, паліцыя адступала і страляла ў паветра. Але людзі на ўчастках паказвалі ўласныя відэазапісы, дзе паліцыя ўжывала гвалт.
— Як бы вы маглі ахарактарызаваць атмасфэру, якая панавала на вуліцах Барсэлёны ў часе рэфэрэндуму?
— З аднаго боку людзі вельмі актыўна галасавалі, а з другога трэба разумець, што Барсэлёна — турыстычны горад, дзе шмат эмігрантаў. Я пытаўся ў людзей у месцы, дзе спыніўся, ці зьбіраюцца яны галасаваць, а яны ня мелі права галасаваць, бо хлопец быў з Марока, а дзяўчына — з Сальвадору. На рэфэрэндуме могуць галасаваць толькі грамадзяне Гішпаніі. У пэўных месцах гораду было адчуваньне, што ўвогуле нічога не адбываецца, што горад жыве сваім звычайным, сьвяточным ці будзённым жыцьцём, шмат турыстаў. На галоўнай плошчы ўчора каля будынку ўраду і будынку мэрыі ў нядзелю было даволі мала людзей. Але прыхільнікі незалежнасьці і не заклікалі там зьбірацца, іх асноўная задача была ў тым, каб людзі зьбіраліся ля выбарчых участкаў і абаранялі гэтыя выбарчыя ўчасткі, бо Мадрыд сказаў, што будзе блякаваць участкі і ўсяляк перашкаджаць рэфэрэндуму.
Паводле апошніх апытаньняў 16 верасьня, была невялікая перавага прыхільнікаў незалежнасьці, але яны не набіралі паловы. Ясна, што на рэфэрэндум пераважна прыйшлі людзі, якія выступалі за незалежнасьць, яны былі настроеныя рашуча, казалі, што гатовыя абараняць свае галасы, але важна, што думае другая частка... Сёньня паспрабую пагутарыць з прыхільнікамі адзінай непадзельнай Гішпаніі. Пазаўчора ў іх быў мітынг, зь некаторымі я гаварыў, але агулам у гэтыя дні знайсьці іх цяжэй.
— У розныя гады я была ў Барсэлёне і заўсёды зьвяртала ўвагу на тое, што ў цэнтры на дамах на многіх вокнах, бальконах вісяць сьцягі Каталёніі. Як цяпер выглядае Барсэлёна?
— Практычна ў кожным доме ёсьць адзін-два бальконы, дзе гэтыя сьцягі вісяць, менавіта сьцягі незалежнікаў. Напярэдадні рэфэрэндуму мяне ўразіла пераклічка рондляў. Яна пачалася позна ўвечары напярэдадні рэфэрэндуму, калі я ішоў па раёне, дзе месьціцца Sagrada Família, каб упершыню паглядзець на гэты знакаміты будынак. Людзі з бальконаў білі ў рондлі (практычна ў кожным доме адзін-два чалавекі), некаторыя машыны сыгналілі на знак падтрымкі. Гэта ўражвала, але зноўку ж з гэтага вельмі цяжка рабіць выснову пра пераважную падтрымку незалежнасьці.
— Я зьвярнула ўвагу на здымак, на якім плача паліцыянт, які мае загад разганяць сваіх суайчыньнікаў. А што вас найбольш кранула?
— Мяне ўразіла сытуацыя зь мясцовымі паліцыянтамі. Яны прысутнічалі практычна на кожным участку для галасаваньня, але не ўмешваліся, стаялі і назіралі. На загад заблякаваць участкі яны адказвалі, што гэта выкліча грамадзкія беспарадкі, і што яны будуць дзейнічаць, толькі калі будзе небясьпека гвалту і рэальнае парушэньне закону. І гэтая сытуацыя, калі паліцэйскія сілы Каталёніі фактычна адмовіліся падпарадкавацца гішпанскаму ўраду, уражвае. З аднаго боку яны маюць загад з Мадрыду перашкаджаць рэфэрэндуму, незалежнасьці, а пры гэтым у значнай ступені яны адчуваюць настроі грамадзтва, больш актыўная частка якога выступе за незалежнасьць. І яны адчуваюць, што выкананьне мадрыдзкага загаду магло бы прывесьці да вельмі сурʼёзных наступстваў.
— Аляксей, натуральна, вы пазьбягаеце ацэнак, але тым ня менш, які ваш прагноз, ці калі-небудзь стане Каталёнія незалежнай дзяржавай?
— Я сапраўды хачу пазьбягаць ацэнак і захоўваць нэўтральнасьць. У мяне адчуваньне, што гэта быў першы крок у даволі доўгім шляху. Учора прыхільнікі незалежнасьці атрымалі невялікую, але перамогу. Мадрыдзкія ўлады ня здолелі, з аднаго боку, сарваць рэфэрэндум, але з другога боку ім таксама не хапіла стрыманасьці, каб зусім ня ўмешвацца і не ўжываць гвалтоўных дзеяньняў... Гэта маленькая перамога прыхільнікаў незалежнасьці.
Заўсёды, калі я рабіў рэпартаж з вуліцы, хацеў падкрэсьліць, што тыя людзі, якія выйшлі, відавочныя прыхільнікі незалежнасьці — гэта найбольш актыўная частка. Але ёсьць і другая палова Каталёніі, і трэба разумець, што частка гэтага грамадзтва можа выступаць і супраць незалежнасьці, але пры гэтым не выказвацца настолькі ярка, як прыхільнікі незалежнасьці.