«Пазыцыя беларускага боку наконт гэтага добра вядомая. Яна не мяняецца. Мы будзем прытрымлівацца тых рашэньняў, якія прыняла Рада Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў і заклікаць Паўночную Карэю да іх выкананьня», — заявіў афіцыйны прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі.
24 ліпеня спадар Мірончык больш падрабязна выклаў пазыцыю Беларусі. Тады ён заяўляў наступнае:
«Запускі балістычных ракетаў, якія ўсё часьцей робіць Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка на сёньняшні момант, у тым ліку апошні запуск 4 ліпеня сёлета, безумоўна, выклікаюць занепакоенасьць беларускага боку.
МЗС Беларусі раней неаднаразова асуджала гэтыя дзеяньні, якія супярэчаць рэзалюцыям Рады Бясьпекі ААН, і заклікала да дээскаляцыі на Карэйскім паўвостраве шляхам правядзеньня канструктыўнага дыялёгу.
Беларускі бок зыходзіць зь неабходнасьці няўхільнага выкананьня нормаў міжнароднага права і абавязаньняў, замацаваных у дакумэнтах ААН ды іншых міжнародных арганізацыяў.
Лічым таксама вартай увагі сумесную ініцыятыву замежнапалітычных ведамстваў Расейскай Фэдэрацыі і Кітайскай Народнай Рэспублікі ў пытаньні комплекснага вырашэньня праблемаў Карэйскага паўвострава, агучаную 4 ліпеня 2017 году. Мяркуем, што ўзаемная павага бакоў да інтарэсаў адзін аднаго дазволіць зьнізіць напружанасьць у рэгіёне і вярнуцца за стол перамоваў, неабходных для гарантаваньня міжнароднай бясьпекі».
Паўночная Карэя запусьціла балістычную ракету, якая праляцела над тэрыторыяй Японіі. Першым пра запуск паведаміла Міністэрства абароны Паўднёвай Карэі.

Японскі ўрад назваў запуск «беcпрэцэдэнтнай пагрозай» і заклікаў грамадзян схавацца ў бясьпечным месцы. Урад Паўднёвай Карэі склікаў надзвычайнае паседжаньне па бясьпецы.
14 верасьня паўночнакарэйскае дзяржаўнае агенцтва выступіла з пагрозай, што КНДР скарыстае ядзерную зброю, каб «патапіць» Японію і ператварыць Злучаныя Штаты ў «цемру і попел» за падтрымку рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН і санкцыяў у дачыненьні да Паўночнай Карэі пасьля яе нядаўніх ядзерных выпрабаваньняў.
Напружанасьць у Паўночнай Азіі прыкметна ўзрасла з таго часу, як 3 верасьня КНДР правялі шостае, магутнае ядзернае выпрабаваньне, а таксама запускі ракет, адна зь якіх пераляцела праз Японскія астравы. Рада Бясьпекі ААН, якая складаецца з 15 чальцоў, аднагалосна прагаласавала за рэзалюцыю, распрацаваную ЗША. Рэзалюцыя прадугледжвае забарону экспарту тэкстыльнай прадукцыі з Паўночнай Карэі, а таксама скарачэньне паставак нафтапрадуктаў. Тэкстыль — другі па велічыні прадукт паўночнакарэйскага экспарту пасьля вугалю і мінэральных рэсурсаў.
У ліпені Пхэньян правёў чарговае выпрабаваньне балістычнай ракеты. Згодна з ацэнкай японскіх уладаў, пасьля 40 хвілін палёту ракета ўпала ў Японскае мора ў эксклюзіўнай эканамічнай зоне Японіі.