Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы вайны. Крызіс вакол ракетна-ядзернай праграмы КНДР — перадгісторыя, хроніка, цытаты


Пуск паўночнакарэйскай міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты Hwasong-14
Пуск паўночнакарэйскай міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты Hwasong-14

Хроніка ядзернай праграмы КНДР

Сьвяткаваньне ў Пхеньяне ядзернага выпрабаваньня, 13 верасьня 2016
Сьвяткаваньне ў Пхеньяне ядзернага выпрабаваньня, 13 верасьня 2016

10 лютага 2005 году — КНДР упершыню адкрыта заявіла аб стварэньні ў краіне ядзернай зброі

9 кастрычніка 2006 году — праведзены першы ядзерны выбух. Выпрабаваньне было праведзенае на ядзерным палігоне Пунгеры. Землятрус магнітудай 4,2 быў зафіксаваны ў Паўднёвай Карэі, Японіі, ЗША, Аўстраліі і Расеі. Паведамленьне Цэнтральнага тэлеграфнага агенцтва Карэі (ЦТАК): «Нашае дасьледчае падразьдзяленьне бясьпечна і пасьпяхова правяло падземнае ядзернае выпрабаваньне. Ядзернае выпрабаваньне стала гістарычным падзеяй, якая прынесла шчасьце нашым вайскоўцам і народу».

25 траўня 2009 году — Магутнасьць падземнага ядзернага выбуху, паводле ацэнак, склала ад 10 да 20 кілятонаў. «Голас Карэі», выступ сакратара ЦК Працоўнай партыі Карэі: «Праведзеныя ядзерныя выпрабаваньні зьяўляюцца рашучай мерай для абароны вышэйшых інтарэсаў рэспублікі, калі ўзмацняецца пагроза з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі»

Красавік 2012 году — У канстытуцыю КНДР унесеныя папраўкі аб ядзерным статусе краіны.

12 лютага 2013 году — геалягічная служба ЗША зафіксавала падземныя штуршкі з магнітудай 4,9, эпіцэнтар якіх знаходзіўся ў раёне паўночнакарэйскага ядзернага палігону.

6 студзеня 2016 году — на тэрыторыі КНДР было зарэгістраваны землятрус магнітудай 5,1, які зьвязалі з правядзеньнем падземнага ядзернага выбуху. Паўночная Карэя абвясьціла аб правядзеньні першага ў сваёй гісторыі пасьпяховага выпрабаваньні вадароднай бомбы.

9 верасьня 2016 году — на тэрыторыі КНДР зафіксаваны землятрус магнітудай 5,3. Эпіцэнтар землятрусу знаходзіўся побач з ядзерным палігонам Пунгеры.

3 верасьня 2017 году — сэйсьмічныя станцыі розных краінаў зафіксавалі магутныя падземныя штуршкі на тэрыторыі КНДР. Магнітуду землятрусу ацанілі ў дыяпазоне ад 5,6 да 6,4, эпіцэнтар — непадалёк ад Пунгеры. Улады Паўночнай Карэі заявілі аб пасьпяховым выпрабаваньні боегалоўкі з тэрмаядзерным зарадам. Магутнасьць выбуху, паводле ацэнак сэйсмолягаў, склала да 100 кілятонаў.

Вучэньні «Ulchi — Freedom Guardian» Паўднёвай Карэі і ЗША (21-31 жніўня)

Салдаты Паўднёвай Карэі на вучэньнях Ulchi — Freedom Guardian, жнівень 2017
Салдаты Паўднёвай Карэі на вучэньнях Ulchi — Freedom Guardian, жнівень 2017

21 жніўня ЗША і Паўднёвая Карэя пачалі сумесныя дзесяцідзённыя вучэньні «Ulchi — Freedom Guardian», якія ў КНДР успрымаюць як рэпэтыцыю збройнага канфлікту.

Паўночная Карэя прыстрашыла Вашынгтон і Сэул «бязьлітаснай адплатай» за вайсковыя вучэньні ЗША і Паўднёвай Карэі

На думку Пхеньяну, гэтыя манэўры накіраваныя на распальваньне ядзернай вайны на Карэйскім паўвостраве.

Вучэньні працягваліся 11 дзён. У іх бралі ўдзел каля 70 тысяч вайскоўцаў.

Пускі паўночнакарэйскіх ракетаў малога радыюсу дзеяньня 26 жніўня

Паўночная Карэя запусьціла некалькі ракет малога радыюсу дзеяньня. Яны праляцелі прыкладна 250 кілямэтраў і ўпалі ў Японскае мора. Гэта першыя запускі ракет ад 28 чэрвеня, калі Пхэньян выпрабаваў балістычную ракету, здольную дасягнуць кантынэнтальнай тэрыторыі ЗША.

Reuters паведамляе пра тры запушчаныя ракеты. Адна ўзарвалася неўзабаве пасьля старту. У міністэрстве абароны ЗША заявілі, што ракеты не ўяўлялі небясьпекі для Паўночнай Амэрыкі ці Гуама.

Міжнародная супольнасьць раней асудзіла Паўночную Карэю за выпрабаваньні з 2016 года двух ядзерных зарадаў і неаднаразовыя ракетныя выпрабаваньні. У ліпені 2017 года КНДР выпрабавала дзьве міжкантынэнтальныя ракеты. Рада бясьпекі ААН зрабіла больш жорсткімі эканамічныя санкцыі супраць паўночнакарэйскага рэжыму.

Пуск паўночнакарэйскай балістычнай ракеты 29 жніўня

Лідэр КНДР Кім Чэн Ын назірае за пускам балістычнай ракеты Hwasong-12, 29 жніўня 2017
Лідэр КНДР Кім Чэн Ын назірае за пускам балістычнай ракеты Hwasong-12, 29 жніўня 2017

У ноч на 29 жніўня КНДР запусьціла балістычную ракету. Яна праляцела каля 2700 км, у тым ліку над японскай тэрыторыяй. Генэральны сакратар кабінэту міністраў Японіі Ёсыхідэ Суга паведаміў, што ракета праляцела над мысам Эрымо на Хакайда і ўпала ў Ціхі акіян прыкладна за 1180 км ад Эрымо. Прыкладна празь 10 хвілінаў пасьля запуску ракета падзялілася на тры часткі і ўпала ў Ціхі акіян, на ўсход ад вострава Хакайда.

«Абуральны акт пуску ракеты над нашай краінай зьяўляецца беспрэцэдэнтнай і сурʼёзнай пагрозай і наносіць сурʼёзны ўрон рэгіянальнаму міру і бясьпецы», — сказаў прэмʼер-міністар Японіі Сіндзо Абэ ў Токіё, заклікаючы правесьці надзвычайнае пасяджэньне Рады бясьпекі ААН.

Ядзернае выпрабаваньне 3 верасьня

Дыктарка телебачаньня КНДР павядамляе пра пасьпяховае выпрабаваньне вадароднай бомбы, 3 верасьня 2017
Дыктарка телебачаньня КНДР павядамляе пра пасьпяховае выпрабаваньне вадароднай бомбы, 3 верасьня 2017

Паўночная Карэя паведаміла пра выпрабаваньне вадароднай бомбы. Раніцай паўднёвакарэйскае інфармацыйнае агенцтва паведаміла, што падземныя штуршкі зарэгістраваныя ў раёне палігона Пунгеры. Паводле папярэдніх ацэнак штуршкі не былі зьвязаныя з прыроднай сэйсьмічнай актыўнасьцю.

Паводле Сэулу, магутнасьць выбуху была каля 50 кілятонаў. Гэта ў пяць разоў больш, чым падчас папярэдніх ядзерных выпарабаваньняў Паўночнай Карэі і ў тры разы больш, чым магутнасьць ядзернай бомбы, скінутай ЗША на Хірасіму ў 1945 годзе.

Кітайскае ўпраўленьне па маніторынгу землятрусу паведаміла пра рэгістрацыю штуршкоў магнітудай 6,3 і выказала здагадку, што штуршкі маглі быць выкліканыя «ядзерным выбухам». Землятрус адбыўся а 11. 30 раніцы па мясцовым часе, яго эпіцэнтар знаходзіўся на глыбіні «нуль кілямэтраў».

Міністэрства абароны Паўднёвай Карэі заявіла, што ўзмацняе вырабленую ў ЗША і ўсталяваную каля Сэулу сыстэму супрацьракетнай абароны. Супраць разгортваньня гэтай сыстэмы выступаюць Кітай і Расея. Паводле міністэрства, у хуткім часе Злучаныя Штаты накіруюць да ўзьбярэжжа Карэйскай паўвыспы ядзерны авіяносец.

МЗС Беларусі ў адказ на выпрабаваньне 3 верасьня: «Дасягненьне міру і стабільнасьці ў рэгіёне магчыма выключна на аснове дыялёгу, у сувязі з чым заклікаем КНДР не дапускаць крокаў, якія парушаюць шэраг рэзалюцый Рады Бясьпекі ААН і правакуюць сілавое вырашэньне сытуацыі»

Што гаварыў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Дональд Трамп
Дональд Трамп

10 жніўня

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго папярэджаньне пра «агонь і лютасьць» на адрас Паўночнай Карэі, магчыма, было «недастаткова жорсткім».

Выступаючы перад журналістамі 10 жніўня Трамп сказаў, што хоць ён заўсёды разглядае магчымасьць перамоваў, уладам Паўночнай Карэі варта «вельмі, вельмі нэрвавацца», калі яны зробяць нешта супраць Злучаных Штатаў.

Паводле яго, Пхэньян павінен «прыйсьці ў сябе», альбо ён напаткае праблемы, «зь якімі сутыкалася мала якая нацыя».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў, што, калі лідэр КНДР Кім Чэн Ын «зробіць нешта з Гуам, з Паўночнай Карэяй адбудзецца такая падзея, якой яшчэ ніхто ніколі ня бачыў».

28 жніўня

Твітар Трампа: ЗША вялі размовы з Паўночнай Карэяй і плацілі ёй на працягу 25 гадоў. Размова — гэта не рашэньне!

3 верасьня

Пасьля запуску ракеты КНДР прэзыдэнт ЗША пагутарыў з прэм’ер-міністрам Японіі аб росьце пагрозе з боку Пхэньяну. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пасьля чарговага ракетнага запуску ў КНДР, што «магчымыя ўсе варыянты».

Паўночная Карэя «прадэманстравала грэбаваньне сваімі суседзямі, усімі членамі ААН і мінімальнымі стандартамі прымальных міжнародных паводзінаў, — гаворыцца ў заяве Трампа, якую апублікавала прэс-служба Белага дому. — Пагрозы і дэстабілізуючыя дзеяньні толькі ўзмацняюць ізаляцыю паўночнакарэйскага рэжыму ў рэгіёне і сярод усіх краінаў сьвету. Магчымыя ўсе варыянты.

4 верасьня

ЗША Дональд Трамп ня выключыў магчымасьці ўжываньня ваеннай сілы да Паўночнай Карэі пасьля праведзенага Пхэньянам выпрабаваньня вадароднай бомбы.

«Паглядзім», — адказаў Трамп на адпаведнае пытаньне журналіста.

Прэзыдэнт напісаў у сваім Твітары, што ЗША разам зь іншымі краінамі разглядаюць магчымасьць спыненьня дачыненьняў зь любой краінай, якая вядзе бізнэс з КНДР.

Што гаварыла Нікі Гэйлі, прадстаўніца ЗША пры ААН

Нікі Гэйлі
Нікі Гэйлі

5 верасьня

Ядзерныя дзяржавы разумеюць свае абавязкі, але Кім Чэн Ын ня мае такога разуменьня. Яго злоўжываньне запускамі ракет і яго ядзерныя пагрозы паказваюць, што ён напрошваецца на вайну.

Досыць значыць досыць, Злучаныя Штаты ніколі ня хочуць вайны. Мы ня хочам яе і цяпер. Але цярплівасьць нашай краіны не бязьмежная.

Час вычарпаў магчымасьці для дыпляматычных сродкаў, каб скончыць гэты крызіс, а гэта значыць, што трэба хутка прыняць наймацнейшыя захады тут, у Радзе Бясьпекі ААН. Толькі наймацнейшыя санкцыі дазволяць нам вырашыць гэтую праблему дыпляматычным шляхам.

Што заяўляла Паўночная Карэя

Кім Чэн Ын
Кім Чэн Ын

10 жніўня

Праца над плянам прэвэнтыўнага ўдару па раёне ціхаакіянскай выспы Гуам, дзе разьмешчаныя вайсковыя базы ЗША, КНДР завершыць да сярэдзіны жніўня. Пра гэта заявіла камандаваньне паўночнакарэйскай арміі, адзначыўшы, што мяркуецца пуск ракет сярэдняй далёкасьці «Хвасон-12», якія праляцяць над Японіяй і ўпадуць у ваду за 30-40 км ад Гуаму. Мэта, якую ставіць перад сабой такім чынам Пхэньян, — «стрымліваньне амэрыканскіх сілаў у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне».

15 жніўня

Паўночная Карэя 15 жніўня перавяла сваю армію ў стан павышанай баявой гатовасьці, але адначасова заявіла, што ўстрымліваецца ад пускаў ракет па тэрыторыі ЗША. У заяве афіцыйнага інфармацыйнага агенцтва Пхэньяну гаворыцца, што паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын загадаў свайму войску заўсёды быць гатовым да ракетнага ўдару, але сказаў, што будзе назіраць за тым, што робяць Злучаныя Штаты, перш чым прымаць рашэньне аб пуску ракет.

«Злучаныя Штаты, якія першымі наблізілі да нас мноства стратэгічных ядзерных установак, маюць спачатку ўхваліць слушнае рашэньне і паказаць празь дзеяньні, што яны хочуць аслабіць напружанасьць на Карэйскім паўвостраве і прадухіліць небясьпечнае ваеннае сутыкненьне», — перадае словы лідэра КНДР інфармацыйнае агенцтва.

5 верасьня

Амбасадар Паўночнай Карэі ў ААН Хан Тхэ Сон прыгразіў адправіць Злучаным Штатам «новыя падарункі» пасьля нядаўніх ядзерных выпрабаваньняў. Ён заявіў, што КНДР гатовая ўсталяваць вадародную боегалоўку на міжкантынэнтальную балістычную ракету.

Амбасадар КНДР назваў ядзерныя выпрабаваньні «мерай самаабароны» і заклікаў ЗША адмовіцца ад спробаў ціску на Паўночную Карэю. Хан Тхэ Сон заявіў, што КНДР ні пры якіх абставінах ня стане абмяркоўваць адмову ад ядзернай праграмы.

Што гаварыў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін
Уладзімер Пуцін

Расея асуджае гэтыя практыкаваньні (ядзерныя выпрабаваньні — РС) з боку Паўночнай Карэі, мы лічым, што яны носяць правакацыйны характар. У гэтых умовах нагнятаньне ваеннай гістэрыі да добрага не давядзе, гэта ўсё можа прывесьці да глябальнай плянэтарнай катастрофы і да велізарнай колькасьці чалавечых ахвяраў. Ніякага іншага шляху, акрамя мірнага, дыпляматычнага спосабу рашэньня паўночнакарэйскай ядзернай праблемы не існуе

Што гаварыў міністар замежных спраў Нямеччыны Зыгмар Габрыэль

Зыгмар Габрыэль
Зыгмар Габрыэль

Міністар замежных спраў Нямеччыны Зыгмар Габрыэль перасьцярог, што канфлікт з Паўночнай Карэяй можа прывесьці да катастрафічных наступстваў для ўсяго сьвету.

«Вайна на Карэйскім паўвостраве была б спусташальнаю, і ў горшым выпадку яна магла б прывесьці да большай колькасьці ахвяр, чым Другая сусьветная вайна»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG