«Сытуацыя са зьнікненьнем гэтага маладога чалавека можа скончыцца вельмі сур’ёзнымі наступствамі, у тым ліку паміж Украінай і Беларусьсю... Дэманстрацыя мітусьні кажа пра тое, што яны ня ведаюць, як растлумачыць свае ўчынкі, што яны нібыта не кантралююць сытуацыю на частцы дзяржавы. А гэта значыць, што яны (спэцслужбы Рэспублікі Беларусь — РС) зьяўляюцца ўдзельнікамі гэтага працэсу, што яны разам са спэцслужбамі Расеі ажыцьцяўлялі гэтую апэрацыю па выкраданьні чалавека. Яны сталі саўдзельнікамі парушэньня міжнародных прававых дакумэнтаў па правах грамадзян, права іх на перамяшчэньне. Гэта вельмі сур’ёзныя рэчы», — адзначыў колішні амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны ў эфіры Радыё Свабода.
Ён адзначыў, што і інфармацыйным пляне сытуацыя са зьнікненьнем Паўла Грыба дасягнула такога ўзроўню, што ёй павінныя займацца асабіста першыя асобы дзяржавы.
«Патрэбная неадкладная тэлефонная размова паміж двума прэзыдэнтамі», — сказаў Бясьсьмертны.
Што тычыцца магчымай прычыны затрыманьня Паўла Грыба, то, на думку Рамана Бясьсьмертнага, гэта можа быць часткай нейкай апэрацыі:
«Як зьявілася гэтая інфармацыя, тым больш на гомельскім напрамку, мне было зразумела, што пра гэта вядома і беларускаму боку, і расейскаму. Гэта сумесная спэцапэрацыя, якая рыхтавалася адмыслова. Відавочна, мы знаходзімся ў нейкай пачатковай стадыі або апэрацыі прыкрыцьця, або апэрацыі, накіраванай канкрэтна супраць нейкага аб’екта. І гэтым аб’ектам можа быць не абавязкова сям’я самога хлопца ці ягонага бацькі. Відавочна, што маем справу з нейкім фрагмэнтам. У дадзеным выпадку ключавую ролю адыграў удзел хлопчыка ў сацсетках. Гэта стала стартам для абраньня яго аб’ектам, тым больш зносінаў з расейкай. Мы будзем мець наступствы, будзем мець працяг», — сказаў Бясьсьмертны.
«Зьвярніце ўвагу на тое, у якой зоне затрымалі маладога чалавека, і дзе ён апынуўся цяпер. Гэта сьведчыць пра тое, што далей будзем мець тэму, зьвязаную з судовым, інфармацыйным працэсам, канфліктам, уцягваньнем у гэта дыпляматычнага корпусу. Украінскаму боку трэба распрацоўваць на сёньня пэўныя падыходы, дзеяньні дыпкорпусу, консульскіх установаў, дапамогу сям’і, самому хлопцу. Таму што сытуацыя абвастраецца. Відавочна, яна расьцягнецца ў часе. Думаю, што паралельна з гэтым працэсам будзе ісьці праца па так званых „мірных ініцыятывах“ прэзыдэнта Пуціна. Гэта ўсё сынхронныя рэчы», — дадаў ён.
Прэс-сакратар МЗС Украіны Мар’яна Беца паведаміла, што ўкраінскаму боку не ўдалося патрапіць да Паўла Грыба:
«Мы ўчора, як толькі атрымалі афіцыйную інфармацыю ад ФСБ Расеі Краснадарскага краю аб утрыманьні Паўла Грыба ў Краснадары, адправілі ноту Расейскай Фэдэрацыі з патрабаваньнямі забясьпечыць доступ украінскіх консулаў да затрыманага грамадзяніна Ўкраіны, паведаміць прычыны і акалічнасьці затрыманьня, умовы ўтрыманьня; забясьпечыць ягонае права на адвакацкую абарону; забясьпечыць лекамі, якія ён на загад лекара ўжывае. Паводле стану на цяперашні момант адказу ад Расейскай Фэдэрацыі няма, што ў прынцыпе, на жаль, зьяўляецца страшнай і недапушчальнай практыкай».
***
28 жніўня сябра грамадзкай рады Дзяржпагранслужбы Ўкраіны Ігар Грыб заявіў пра зьнікненьне свайго 19-гадовага сына Паўла Грыба, які 24 жніўня паехаў у Гомель на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой пазнаёміўся і меў кантакты толькі ў сацыяльных сетках. Дзяўчына, паводле Паўла, павінна была прыехаць на сустрэчу з Расеі.
Ігар Грыб дазнаўся, што ягоны сын у вышуку на падставе артыкула 205 Крымінальнага кодэксу Расеі (тэрарыстычны акт), а ініцыятар вышуку — ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы). 7 верасьня МЗС Украіны даведалася, што Паўло Грыб знаходзіцца ў СІЗА № 5 расейскага гораду Краснадара. Якім чынам Павал Грыб зь Беларусі трапіў у Расею, невядома. Міністэрства замежных спраў Украіны выказала пратэст расейскаму боку ў сувязі зь беспадстаўным затрыманьнем Паўла Грыба 25 жніўня і ўтрыманьнем у СІЗА ў Краснадары. Украіна абвінаваціла Расею ў парушэньні міжнароднага права і назвала справу «палітычна матываванай».