NATO шукае «больш пільны спосаб назіраньня» за беларуска-расейскімі вайсковымі вучэньнямі.
Генэральны сакратар Енс Столтэнбэрг NATO заявіў, што назіральнікі альянсу паедуць на расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017». Пра гэта піша The Associated Press.
Паводле Столтэнбэрга, ад NATO запрасілі двух назіральнікаў, аднак гэтага недастаткова. Ён растлумачыў, што NATO атрымала запрашэньне ад Беларусі наведаць адзін зь пяці дзён вучэньняў; такое ж запрашэньне альянс атрымаў і ад Расеі.
Аднак NATO дагэтуль думае над прапановай. Бо такое наведваньне не зьяўляецца рэальным маніторынгам і NATO шукае «больш пільны спосаб назіраньня» за вучэньнямі
Міністэрства абароны Беларусі запрасіла NATO, іншыя арганізацыі і асобныя дзяржавы накіраваць назіральнікаў на сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017», якія павінны адбыцца на беларускай тэрыторыі 14–20 верасьня. Запрошаныя назіральнікі зь сямі краінаў: Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Швэцыі і Нарвэгіі.
Расея і Беларусь заяўляюць, што ў цяперашніх вучэньнях прыме ўдзел каля 13 тысяч вайскоўцаў.
Your browser doesn’t support HTML5