Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў пра рызыкі супольных беларуска-расейскіх вучэньняў: Расея рыхтуецца да «вялікай вайны» з Захадам


Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі ды абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заяўляе, што арганізацыя і колькасьць залучаных вайсковых сіл ў супольных расейска-беларускіх вучэньнях «Захад-2017» сьведчыць пра падрыхтоўку ня толькі Ўзброеных сіл Расеі, але і ўсёй расейскай дзяржавы з адпаведнымі выдаткамі матэрыяльных і іншых рэсурсаў, да «вялікай вайны» з Захадам.

«Пад выглядам стратэгічных камандна-штабных вучэньняў не выключаецца стварэньне ўдарных груповак войскаў Узброеых сіл Расеі для пераходу дзяржаўнае мяжы і ваеннага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны», — заявіў Аляксандар Турчынаў.

Сакратар Рады нацбясьпекі нагадаў, што на працягу апошніх гадоў такія вучэньні неаднаразова выкарыстоўваліся для дасягненьня схаваных ваенна-палітычных мэтаў. У прыватнасьці, паводле Аляксандра Турчынава, расейскія войскі, што бралі ўдзел у вучэньнях «Каўказ-2008» (15 ліпеня — 2 жніўня 2008 года), не вярнуліся з палігонаў у пункты сталай дысьлякацыі і пачалі ўзброеную агрэсію супраць Грузіі.

У часе вучэньняў «Каўказ-2012» і «Каўказ-2016» (17-23 верасьня 2012 і 5-10 верасьня 2016) былі адпрацаваныя магчымыя варыянты прымяненьня груповак расейскіх войскаў і вядзеньня баявых дзеяньняў на Паўднёва-заходнім стратэгічным напрамку, у тым ліку супраць сіл NATO.

«На вучэньнях Расеі і Беларусі „Захад-2013“ (19-28 верасьня 2013 ) адпрацаваны сцэнар узброенай агрэсіі супраць Украіны, які Крэмль у агульных рысах паспрабаваў рэалізаваць у 2014-2015 гадах», — перакананы Аляксандар Турчынаў.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны дадаў, што пад прыкрыцьцём вучэньняў «Цэнтр-2015» (14-20 верасьня 2015) была створаная ўдарная групоўка авіяцыі для прымяненьня ў Сырыі, а пад выглядам забесьпячэньня бясьпекі правядзеньня Зімовых алімпійскіх гульняў «Сочы-2014» у лютым 2014 году Расея разгарнула групоўкі войскаў для правядзеньня спэцыяльнай апэрацыі па акупацыі Крыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG