Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Аналітычных падставаў для перасьцярог наконт «Захаду-2017» няшмат


Аркадзь Мошас
Аркадзь Мошас

На чым грунтуюцца заходнія перасьцярогі наконт вучэньняў «Захад-2017»? Што робяць NATO і суседзі Беларусі для прадухіленьня рызыкаў, зьвязаных з гэтымі вучэньнямі? Якая роля заходняга вайсковага назіраньня за хадою «Захад-2017». На гэтыя пытаньні мы папрасілі адказаць дырэктара праграмы па Ўсходнім партнэрстве ЭЗ і Расеі ў Фінскім Інстытуце міжнародных адносінаў Аркадзя Мошаса.

Дракахруст: У Эўропе і ЗША зараз многія палітыкі, чыноўнікі і экспэрты выказваюць перасьцярогі з нагоды таго, што беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2017» могуць ператварыцца ў нешта іншае, чым вучэньні, што расейскія войскі, якія прыедуць у Беларусь на вучэньні, у ёй і застануцца, гаворыцца і пра акупацыю, і пра кідок на поўдзень, ва Ўкраіну. Ці ёсьць нейкія падставы для такіх перасьцярогаў — гэта вынікае з разьведных дадзеных, з аналізу бягучага стану, зь нечага іншага?

Мошас: Мне здаецца, што проста не хапае тэмаў для абмеркаваньня. Гэтую тэму лёгка раскручваць, лёгка ўпісваць у больш шырокую дыскусію пра вайсковае супрацьстаяньне паміж Расеяй і Захадам, якое абвастраецца. Мне падаецца, што аналітычных падставаў для такіх перасьцярогаў няшмат. Падчас гэтай дыскусіі аргумэнты збольшага фармулююцца як здагадкі — «экспэрты не выключаюць..», «экспэрты дапускаюць магчымасьць патэнцыйных правакацыяў» і г.д.

Прыйшло гэта ня з Захаду. Упершыню пра магчымую акупацыю Беларусі загаварылі ў беларускай аналітычнай супольнасьці.

З майго пункту гледжаньня, ёсьць дзьве тэмы, якія варта было б канстатаваць і пайсьці далей.

Адна — гэта тое, што Расея і Беларусь зьяўляюцца бліжэйшымі ваенна-палітычнымі саюзьнікамі, чаго, уласна, ніхто і не хаваў. Проста некаторыя людзі ў пэрыяд нармалізацыі адносінаў Беларусі і Захаду пачалі казаць пра ваенна-палітычныя супярэчнасьці паміж Менскам і Масквой, чаго насамрэч не было.

А другая тэма — гэта наша новая нармальнасьць, вайскова-палітычнае супрацьстаяньне паміж Расеяй і Захадам, і яно будзе працягвацца.

Дракахруст: Расея пасьля анэксіі Крыму ў 2014-16 гадах праводзіла шмат вучэньняў у наўпроставай блізкасьці ад сваёй мяжы з Украінай. Здаецца, тады гэтыя вучэньні не выклікалі такой занепакоенасьці. Чаму «Захад- 2017» выклікае?

Мошас: І тыя вучэньні выклікалі занепакоенасьць. Да анэксіі Крыму і вайны ў Данбасе існавалі пэўныя ілюзіі на Захадзе, што Расея слабая ў вайсковым сэнсе, што расейскія вучэньні — гэта «пацёмкінскія вёскі». Потым Расея даказала, што яна здольная на значна больш сурʼёзныя крокі, якія ствараюць новую палітычную рэальнасьць. У тым ліку і таму зараз нашмат больш тых, хто жадае крычаць: «Ваўкі, ваўкі!»

Але сурʼёзныя ваенныя аналітыкі ў гэтай дыскусіі ўдзельнічаюць мінімальна. Для іх гэта тэма для сурʼёзнага аналізу, яны будуць глядзець, будзе ў тым ліку аналізавацца і тое, што ўбачаць назіральнікі. Але мне здаецца, што гэтая тэма разьдзьмуваецца не ваеннымі прафэсіяналамі.

Дракахруст: Якую ролю ў прадухіленьні непажаданых сцэнараў адыгрывае вайсковае назіраньне? Са штаб-кватэры NATO мы атрымалі інфармацыю, што на вучэньнях, на запрашэньне беларускага боку, будуць два назіральнікі ад альянсу, якія прыедуць на адзін дзень. Будуць, праўда, і ваенныя аташэ пасольстваў, акрэдытаваных у Менску — на тры дні, і з Масквы — на два дні. Самі вучэньні працягнуцца тыдзень. Такое назіраньне — ці дастатковае яно? Ці наагул мае больш сымбалічнае значэньне?

Мошас: Гэтае назіраньне мае пэўнае практычнае значэньне, нешта назіральнікі ўбачаць, «як пяхота ідзе за агнявым валам», як некалі пісалі ў газэтах. Самыя сурʼёзныя рэчы ад назіральнікаў напэўна будуць хаваць і нічога дзіўнага ў гэтым няма. Пераймацца з гэтай нагоды, відаць, ужо позна. Пераймацца Захаду варта было тады, калі Расея выходзіла з Дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропы. А гэта адбылося ўжо даўно. Так што гэта сапраўды збольшага сымбалічная працэдура, але пэўнае практычнае значэньне назіраньне мае. Не выключаю, што ў межах гэтых вучэньняў самыя сурʼёзныя рэчы будуць адбывацца на тэрыторыі Расеі і па-за ўсялякім назіраньнем.

Дракахруст: Што вядома пра адказ суседзяў Беларусі і альянсу NATO на небясьпекі, зьвязаныя з вучэньнямі Захад-2017? Даводзілася чытаць аб перакідцы ў краіны Балтыі некалькіх сотняў амэрыканскіх дэсантнікаў. Што яшчэ вядома? Такі сьціплы адказ NATO — знак таго, што асаблівай небясьпекі яно ня бачыць у гэтых вучэньнях, ці гэта нежаданьне перарэагаваць, сваёй вайсковай актыўнасьцю падштурхнуць Расею на тыя дзеяньні, якія хочацца прадухіліць?

Мошас: У тым, што тычыцца NATO, я мяркую мы маем справу з адэкватнай ацэнкай сытуацыі. Я ня думаю, што нехта ў NATO ўсурʼёз лічыць, што празь месяц на заходняй мяжы Беларусі можа пачацца рэальны ваенны канфлікт паміж Расеяй і альянсам.

NATO прыняло каскад сваіх рашэньняў з восені 2014 году, на Уэльскім і Варшаўскім самітах альянсу. Гэтыя рашэньні выкананыя. Чальцы NATO лічаць гэтыя рашэньні адэкватнымі той ацэнцы рызыкаў, якая існуе. І я мяркую, што яны маюць рацыю.

Што да Ўкраіны, то ім варта (і мяркую, што яны гэта робяць) рыхтавацца больш сурʼёзна. Але хутчэй да правакацыяў кшталту парушэньня паветранай прасторы, нечага такога. Такія рэчы сапраўды могуць выпадкова здарыцца, яны могуць быць карыснымі для высьвятленьня таго, якой будзе рэакцыя.

Вяртаючыся да NATO, паўтару, што альянс рэагуе адэкватна, ён ня бачыць у сытуацыі нічога прынцыпова новага.

Дракахруст: Аляксандар Лукашэнка з 2014 году, зь першай сустрэчы з тагачасным в.а. прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандрам Турчынавым, шмат разоў паўтараў, што зь беларускай тэрыторыі Ўкраіне ня будзе ваеннай пагрозы, ня будзе ваеннага ўдару. Па вашых ацэнках, украінцы вераць гэтым абяцаньням? Ці яны лічаць, што захоча Пуцін — і будзе ўдар, незалежна ад жаданьняў Лукашэнкі?

Мошас: Наколькі я ўяўляю, ва ўкраінскай аналітычнай супольнасьці кансэнсусу на гэты конт няма. Ёсьць экспэрты, якія лічаць, што Лукашэнку ў гэтым можна верыць, бо для яго ў цяперашніх умовах пайсьці на такую сурʼёзную саступку і страту твару было б палітычна вельмі балюча. І што ён у стане данесьці гэты пункт гледжаньня да Масквы.

Але ёсьць і іншыя ўкраінскія экспэрты, якія мяркуюць, што ў рэальнасьці адносіны паміж Менскам і Масквой, асабліва ў сфэры бясьпекі, значна шчыльней, чым гэта спрабуюць публічна падаваць. І таму калі нешта адбудзецца, то вытрываць Аляксандар Рыгоравіч будзе ня ў стане.

Я мяркую, што на практыцы ўкраінскія вайскоўцы рыхтуюцца да любых магчымых нэгатыўных сцэнараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG