«Абвяшчаем грамадзкую кампанію па назіраньні за вучэньнямі «Захад-2017, — піша Эдуард Пальчыс у сваім блогу 1863x.com — Вашы фатаздымкі, відэа і аповеды стануцца базай для незалежнага аналізу таго, як адбываюцца вучэньні і што будзе пасьля іх. А таксама дадуць магчымасьць цьвяроза, бяз панікі і эмоцый асьвятляць дадзеныя падзеі».
«Ад вучэньняў я чакаю, што яны пройдуць спакойна, скончацца, і расейскія войскі хуценька зьедуць дамоў. Але бывае па-рознаму», — кажа Свабодзе Эдуард Пальчыс.
Эдуард Пальчыс заклікае да «кругласуткавага інфармацыйнага дзяжурства» найперш людзей, якія жывуць побач зь месцамі вучэньняў.
Гэта палігоны «Лепельскі», «Барысаўскі», «Лосвіда», участак побач з населеным пунктам Дрэтунь (Віцебская вобласьць), «Асіповіцкі» (Магілёўская вобласьць), «Ружанскі» і «Даманаўскі» (Берасьцейская вобласьць).
«Ад кампаніі я чакаю, што неабыякавыя беларусы па ўсёй краіне стануць нашымі (грамадзкасьці. — РС) вачыма і вушамі. Уладам пакуль мы ня можам забараніць падобныя манэўры, але назіраць за імі нам ніхто не павінен забараняць», — кажа Свабодзе Эдуард Пальчыс і заклікае публікаваць матэрыялы пад хэштэгамі #Запад2017, #Захад2017 і #Zapad2017. А таксама прапануе пляцоўку свайго блогу для тых, хто клапоціцца пра сваю ананімнасьць.