Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс, выступаючы ў аўторак у Буэнас-Айрэсе, выказаў упэўненасьць, што ўдасца знайсьці «мірнае» вырашэньне крызісу ў Вэнэсуэле, аказаўшы эканамічны і дыпляматычны ціск на прэзыдэнта краіны Нікаласа Мадуру, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Выступаючы на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з кансэрватыўным прэзыдэнтам Аргентыны Маўрысіё Макры, Пэнс паведаміў, што падчас закрытых перамоваў яны дамовіліся пра неабходнасьць працягваць ціск на Мадуру, заклікаючы таго правесьці ў краіне выбары і вызваліць палітвязьняў.
Як і выступ Пэнса ў Калюмбіі, зь якога пачалося ягонае турнэ па краінах Лацінскай Амэрыкі, яго заява ў Буэнас-Айрэсе рэзка кантрастуе са словамі прэзыдэнта Трампа, які прыгразіў Вэнэсуэле ваеннай інтэрвэнцыяй для вырашэньня палітычнага крызісу ў гэтай краіне, якая зьяўляецца сябрам OPEK. Пры гэтым Пэнс усё ж падкрэсьліў, што Вэнэсуэла «коціцца да дыктатуры, і ЗША ня будуць сядзець склаўшы рукі», калі гэта адбываецца.
Пагроза Трампа, якая прагучала ў пятніцу, выклікала асуджэньне ва ўсім рэгіёне. Гандлёвы блёк MERCOSUR (амэрыканскі агульны рынак), куды ўваходзіць Аргентына, выступіў супраць любога прымяненьня сілы.
Пэнс таксама вітаў «сьмелую праграму рэформаў», якую праводзіць Макры, і заявіў, што падчас сустрэчы яны абмеркавалі актывізацыю двухбаковага гандлю, у асаблівасьці сельскагаспадарчымі таварамі.
Паводле яго слоў, на мінулым тыдні ўлады вялі перамовы аб пашырэньні доступу амэрыканскай сьвініны на аргентынскі рынак і дасягнулі «прыкметнага прагрэсу».
«Мы таксама абмеркавалі зацікаўленасьць у экспарце і імпарце ялавічыны з абодвух бакоў», — дадаў Пэнс.