У прыватнасьці, журналістаў цікавіла, як зьнешнепалітычнае ведамства Беларусі пракамэнтуе нядаўнюю заяву прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, што не выключаецца магчымасьць правядзеньня ваеннай апэрацыі ў Вэнэсуэле.
«У Рэспубліцы Беларусь з суперажываньнем і занепакоенасьцю адсочваюць сытуацыю, зьвязаную з Вэнэсуэлай, — гаворыцца ў адказе, зьмешчаным на сайце МЗС. — Мы неаднаразова заяўлялі, што ўсе праблемныя пытаньні і спрэчныя сытуацыі ў вэнэсуэльскім грамадзтве, як і ў любой іншай краіне, варта вырашаць толькі шляхам мірнага дыялёгу ў рамках прававога поля і Канстытуцыі».
Беларускі МЗС перакананы, што вэнэсуэльскі народ здольны самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, каб урэгуляваць сытуацыю дэмакратычным шляхам, без умяшаньня звонку. Асабліва калі гаворка ідзе пра ўжываньне вайсковай сілы.
«Беларусь нязьменна выступае за вырашэньне любых канфліктаў выключна мірнымі сродкамі і ў строгай адпаведнасьці з мэтамі і прынцыпамі Статуту ААН», — гаворыцца ў адказе МЗС Беларусі агенцтву «Прэнса Лаціна».
Днямі паўтара дзясятка дзяржаваў Паўднёвай і Паўночнай Амэрыкі адмовіліся прызнаць легітымнасьць так званай «канстытуцыйнай асамблеі» Вэнэсуэлы https://www. svaboda. org/a/28668098.html. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў замежных спраў новага рэгіянальнага блёку, у які ўваходзяць Канада, Бразылія, Аргентына, Мэксыка, Чылі, Калюмбія, Пэру ды іншыя.
Шмат якія краіны і міжнародныя арганізацыі, кажучы пра беспрэцэдэнтны сацыяльна-эканамічны крызіс у Вэнэсуэле, расцэньваюць стварэньне «канстытуцыйнай асамблеі» пад кіраўніцтвам прыхільнікаў Мадуры як ягоную спробу ўзурпаваць уладу.
На сустрэчы ў Ліме ўдзельнікі асудзілі «падзеньне дэмакратычнага парадку» ў Вэнэсуэле і дамовіліся лічыць адзіна законнымі рашэньні парлямэнту краіны.