Паводле выданьня Цензор.НЕТ са спасылкай на Міністэрства сацыяльнай палітыкі, бацькі Героя Нябеснай Сотні, грамадзяніна Беларусі Міхала Жызьнеўскага цяпер будуць мець магчымасьць атрымліваць пажыцьцёвую стыпэндыю праз банкаўскі рахунак, адкрыты ў адным з украінскіх банкаў.
Як паведаміла Свабодзе маці забітага Ніна Жызьнеўская, дапамога складае 230 BYN у месяц і сям’я атрымлівае яе ўжо больш за год.
«Спачатку прызначылі стыпэндыю, і толькі празь нейкі час далі зорку Героя Ўкраіны. Гэтае званьне сымбалічнае, ніякай матэрыяльнай дапамогі не нясе. Але, прынамсі, цяпер ніхто не чапае магілу сына — ведаюць, што там пахаваны Герой Украіны. Гэта вельмі важна», — сказала Ніна Жызьнеўская.
Міхал Жызьнеўскі стаў першым замежным грамадзянінам, уганараваным званьнем Герой Украіны. 13 чэрвеня ўкраінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка ўручыў зорку Героя Ўкраіны яго бацькам — Міхаілу і Ніне Жызьнеўскім.
У 2015 годзе кіраўнік дэпартамэнту спэцыяльных расьсьледаваньняў Генпракуратуры Сяргей Гарбацюк заяўляў, што актывісты Эўрамайдану Раман Сенік і Міхал Жызьнеўскі былі забітыя ў студзені 2014 году кулямі, якія выкарыстоўваюць у МУС для спыненьня транспартных сродкаў.