Генэральны сакратар Глябальнага прафсаюзу IndustriALL Вальтэр Санчэс і генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў (МПК) Шаран Бароў зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі зь нядаўнімі затрыманьнямі і допытамі прафсаюзных лідэраў, а таксама ператрусамі ў офісах беларускіх незалежных прафсаюзаў.
Копіі ліста накіраваныя таксама міністру замежных спраў і генэральнаму пракурору Беларусі.
«Мы абураныя правядзеньнем ператрусаў на кватэрах, затрыманьнем і допытамі лідэраў і супрацоўнікаў апарату гэтых прафсаюзаў, адзін зь якіх, Ігар Комлік, дагэтуль знаходзіцца пад вартай. Пад пагрозай зрыву знаходзіцца праца прафсаюзных арганізацый.
Міжнародная канфэдэрацыя працы і Глябальны прафсаюз IndustriALL заяўляюць рашучы пратэст і патрабуюць неадкладнага вызваленьня Ігара Комліка, спыненьня крымінальнага перасьледу ў дачыненьні да Генадзя Фядыніча», — гаворыцца ў лісьце.
Акрамя таго, Вальтэр Санчэс і Шаран Бароў патрабуюць спыненьня ўмяшаньня ўладных структур ва ўнутраныя справы прафсаюзаў РЭП і БНП і прыняцьця тэрміновых захадаў па забесьпячэньні нармальных умоваў для дзейнасьці прафсаюзных арганізацый у адпаведнасьці з абавязаньнямі Рэспублікі Беларусь па Канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 87.
Міжнародныя прафсаюзы паведамілі пра рэпрэсіі і затрыманьні прафсаюзных лідэраў у Беларусі адразу пасьля ператрусаў, 3 і 4 жніўня.