Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Фядыніча апісалі маёмасьць — быццам за нясплату падаткаў у памеры больш чым 10 тысяч даляраў


Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч

Супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю ў спэцадзеньні камунальных службаў канфіскавалі ў Генадзя Фядыніча кампутар і дакумэнты, апісалі маёмасьць — кватэру і аўтамабіль. Кіраўніка прафсаюзу РЭП падазраюць у нясплаце падаткаў на суму 22 тысячы дэнамінаваных рублёў за 2011 год. Заведзеная крымінальная справа.

Генадзь Фядыніч расказаў Свабодзе пра некаторыя дэталі свайго затрыманьня.

2 жніўня прыкладна а 9-й раніцы ён выходзіў са сваёй кватэры па вуліцы Мельнікайце. На лесьвічнай пляцоўцы ўбачыў маладых людзей у форме камунальных службаў. Яны паказалі Фядынічу пасьведчаньні супрацоўнікаў ДФР. Пасьля гэтага надзелі кайданкі і правялі ператрус у кватэры. Канфіскавалі кампутар, дакумэнты, а таксама апісалі маёмасьць: кватэру, аўтамабіль «Таёта», каштоўныя рэчы.

Затым Фядыніча павезьлі ў Камітэт дзяржкантролю па вуліцы Петруся Броўкі на допыт, які доўжыўся да позьняга вечара. Прафсаюзнаму лідэру назвалі памер «нясплачаных падаткаў за 2011 год» — каля 22 тысяч дэнамінаваных рублёў, але суму прыбыткаў пры гэтым не назвалі.

Выпусьцілі Генадзя Фядыніча з падпіскай аб неразгалошваньні. Цяпер ён у статусе падазраванага, абвінавачаньне яму выставілі паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу — ухіленьне ад сплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры.

На пытаньне Свабоды, якія фінансавыя дакумэнты фігуравалі на допыце, Фядыніч сказаў, што ніякіх папераў яму не паказвалі. А падаткі ён заўсёды плаціў спраўна.

Што да выказваньняў па справе прафсаюзу РЭП старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука,, іх Генадзь Фядыніч камэнтаваць адмовіўся: «Няхай гэта застаецца на ягоным сумленьні».

Фядыніч таксама пацьвердзіў Свабодзе, што прафсаюз РЭП сапраўды супрацоўнічаў з дацкім прафсаюзам «3F» і яшчэ зь дзясяткам іншых прафсаюзаў, у тым ліку з Глябальным саюзам IndustriALL.

Ён таксама запэўніў, што праца будзе працягвацца, нягледзячы на тое, што офіс разгромлены, уся аргтэхніка і дакумэнты канфіскаваныя:

«Мы па-ранейшаму будзем працаваць, дапамагаць людзям. Цяпер шукаем магчымасьць укамплектаваць офіс аргтэхнікай, наводзім парадак. Цяперашні ціск я зьвязваю з актыўным удзелам прафсаюзаў у веснавых пратэстах, з той дапамогай, якую мы аказваем людзям — дзьверы ў наш офіс фактычна не зачыняюцца, да нас пастаянна зьвяртаюцца па кансультацыю і рэальную дапамогу».

Фядыніч таксама пацьвердзіў, што старшыня Менскай гарадзкой пярвічнай арганізацыі і галоўны бухгальтар прафсаюзу РЭП Ігар Комлік зьмешчаны ў менскі Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG