Апроч дакладу, Алег Рудакоў падрыхтаваў пералік прапановаў, як зрабіць працу беларускіх суполак за межамі Беларусі больш эфэктыўнай:
«Па ўсім сьвеце, як засьведчылі дэлегаты зьезду, ідзе няспынны працэс асыміляцыі беларусаў, страта імі сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці, — адзначае Алег Рудакоў. — Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“ павінна зьвярнуць на гэта ўвагу і знайсьці выйсьце з сытуацыі. Місія, на мой погляд, павінна быць адна — спрыяць захаваньню Беларускай Нацыі ва ўсясьветнай прасторы, спыніць асыміляцыю беларусаў у тым ліку ў Беларусі».
Паводле сыбірскага дэлегата, у 1913 годзе ў Прыбайкальлі было 300 тысяч беларусаў, у 1989-м — 50 тысяч, а ў 2012 — усяго 16 тысяч. Куды падзеліся сотні тысяч нашчадкаў тых, хто беларусамі зваліся?
На перакананьне Алега Рудкова, трэба распрацаваць шэраг праграмаў і імпрэзаў, якія б садзейнічалі вывучэньню беларускай гісторыі, мовы, традыцыяў суполкамі ў замежжы і ў Беларусі:
«Перадусім гэта выхоўвае шчырага беларускага патрыёта. Моладзь адчувае тады сувязь са сваёй гістарычнай радзімай, калі прыцягваецца праз інтэрактыў да беларускасьці ў шырокім сэнсе. Толькі праз матчыну мову, празь беларускую адукацыю, праз асьветніцкую самаахвярную дзейнасьць, праз выхаваньне сапраўднага беларускага патрыятызму мы здолеем захаваць сваю культуру, свой народ. Нам трэба ня толькі самім памятаць свае карані, але спыніць асыміляцыю, падтрымаць моладзь, народжаную за межамі Беларусі, даць ёй магчымасьць у інтэрактыве далучыцца да сваёй нацыі».
Дзеля дасягненьня пастаўленай мэты Алег Рудакоў прапануе шэраг канкрэтных крокаў:
- Падрыхтаваць да выданьня падручнік хуткага навучаньня беларускай мове і мэтадычныя дапаможнікі па беларускай традыцыйнай культуры, у тым ліку прысьвечаных нацыянальным сьвятам, традыцыйным беларускім танцам, аўтэнтычнаму фальклёру.
- Працягваць выданьне кніг па беларускай гісторыі і выдатных дзеячаў беларускага руху.
- Арганізоўваць выязныя «вячоркі» паміж беларускімі суполкамі. Гэта адзіная форма сустрэчаў, дзе няма гледачоў, а ўсе задзейнічаныя ў інтэрактыве.
- Спрыяць выезду вядомых беларускіх музыкаў з патрыятычнай пазыцыяй у беларускія суполкі за мяжой.
- Дапамагчы адкрыць музэі выдатных навукоўцаў зь Беларусі, якія працавалі ў Сыбіры, у прыватнасьці ў тагачаснай Іркуцкай губэрні.
- Паставіць помнікі славутаму беларусу-навукоўцу Яну Чэрскаму ў Віцебску і ў Іркуцку.
- Арганізаваць сэрыю выязных сэмінараў у беларускіх суполках па арганізацыі працы з моладзьдзю дзеля таго, каб далучаць яе да беларускага руху за мяжой.