«Ці прыехалі вы з далёкага замежжа, альбо завіталі на Зьезд па-суседзку з блізкіх мясьцінаў Беларусі, усе вы прадстаўляеце беларускі народ. Кожны з вас увасабляе, па-свойму, якісьці ўнікальны аспэкт нашай Бацькаўшчыны», — гаворыцца ў вітальным звароце, зьмешчаным на сайце Рады БНР.
«Беларусь існуе дзякуючы ўсім нам, дзе б мы ні знаходзіліся, — нагадвае Івонка Сурвіла. — Нашай дзейнасьцю, нашымі паводзінамі, высілкамі, якія мы робім, каб здабыць сяброў для нашага прыгожага краю, кожны з нас спрычыняецца да зьдзяйсьненьня нашай супольнай мэты: каб Беларусь заняла сваё пачэснае месца між іншымі народамі сьвету. Каб нашая краіна сталася той Бацькаўшчынай, якой кожны з нас будзе магчы ганарыцца і якую сьвет прызнае ня дзеля яе бедаў, а дзеля яе годнасьці, яе прыгажосьці, і дзеля каштоўнасьцяў, якія яна дала чалавецтву.
Дарагія беларусы замежжа, эміграцыя, экзыль — вялікія выпрабаваньні для кожнага чалавека. Але, калі мы здолеем захаваць сваё пачуцьцё прыналежнасьці, яны нас зробяць мацнейшымі беларусамі, гатовымі змагацца за лепшую долю нашага народу. Гісторыя неаднойчы сьведчыла, што беды ня ёсьць вечныя. Таму і мы мусім верыць, што і высілкі кожнага з нас урэшце перамогуць усе перашкоды на нашым шляху! Дык дапамажы нам Божа! А ў міжчасе, жадаю ўсім вам шчасьліва правесьці гэтыя дні а мо і тыдні на Бацькаўшчынне і вярнуцца з новымі сіламі для працы на карысьць свайго народу » — гаворыцца з звароце старшыні Рады БНР.