Пад санкцыі Рассельгаснагляду 20 чэрвеня трапілі Лунінецкі малочны завод і браслаўская філія Глыбоцкага малочнакансэрвавага заводу. Ад 22 чэрвеня да іх праз «парушэньні вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў ЭАЭС» увядуць «часовыя абмежаваньні на пастаўкі».
Таксама Расея патрабуе ад Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі ўвесьці ўзмоцнены лябараторны кантроль вілейскай і валожынскай філіяў Маладзечанскага малочнага камбінату, Скідальскай птушкафабрыкі, Ашмянскага мясакамбінату і ААТ «Александрыйскае», зьвязанага са Шклоўскім камбікормавым заводам.
Тым часам пасьля атрыманьня гарантыяў ад беларускага боку і аналізу матэрыялаў ад 21 чэрвеня Расея скасуе санкцыі супраць Стаўпецкага, Менскага і Слуцкага мясакамбінатаў, а таксама Нясьвіскага агракамбінату. Абавязковая ўмова зьняцьця абмежаваньняў — перадача расейскаму боку зьвестак аб усіх таварах, якія адгружаюцца з прадпрыемстваў у Расею.
МУС правярае Данкверта, сам расейскі чыноўнік лічыць, што перасьледу варты беларускі Мінсельгасхарч
Між Расеяй і Беларусьсю працяглы час ідуць спрэчкі наконт якасьці беларускіх тавараў (асабліва мясной і малочнай прадукцыі) і «рээкспарту» замежнай прадукцыі пад выглядам беларускай, кшталту «беларускіх манга і крэвэтак». Непажаданыя тавары зь Беларусі ў Расеі пераяжджаюць бульдозэрамі і абліваюць зялёнкай. Гэтыя спрэчкі завуць «харчовымі войнамі».
У траўні міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч паведамляў, што праверка датычнасьці чыноўнікаў Рассельгаснагляду да «дыскрэдытацыі» беларускіх вытворцаў працягваецца, пасьля чаго матэрыялы будуць перададзеныя ў Сьледчы камітэт.