Рассельгаснагляд чарговым разам выявіў парушэньні ў пастаўках прадукцыі з прадпрыемстваў Беларусі і быў вымушаны прыняць абмежавальныя меры. Пра гэта «Інтэрфаксу» паведаміла прадстаўніца ведамства Юлія Мелана.
У прыватнасьці, ад 2 чэрвеня забароненыя пастаўкі на расейскі рынак курынага мяса з Салігорскай птушкафабрыкі. Экспэрты Рассельгаснагляду паўторна выявілі ў прадукцыі сальманэлу.
Акрамя таго, ад таго ж дня з прычыны «сыстэматычных парушэньняў» на ўзмоцнены кантроль расейскіх санітараў будуць узятыя яшчэ пяць беларускіх прадпрыемстваў.
Так, у мясе птушкі з Кобрынскай птушкафабрыкі выяўленыя лістэрыі, у прадукцыі Маладэчанскага малочнага камбінату — кансэрвант натаміцын. Рэшткі лінкаміцыну знойдзеныя ў сухой малочнай сыроватцы кампаніі «Малочны сьвет» вытворчага цэху «Скідаль», лістэрыі — у ялавічыне Слонімскага мясакамбінату, энрафляксацын і тылазін — у сухім малацэ Слуцкага сыраробнага камбінату.