Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пакуль не завяршыла перадсьледчую праверку ў справе ў дачыненьні да кіраўніка «Рассельгаснагляду» Сяргея Данкверта.
Пра гэта расейскаму агенцтву RNS паведаміў афіцыйны прадстаўнік ведамства Канстанцін Шалькевіч.
«Як толькі завершыцца праверка, мы агучым інфармацыю і ўсе пра гэта даведаюцца», — сказаў ён, адмовіўшыся ад дадатковых камэнтароў пра яе ход.
Сёлета ў лютым Аляксандар Лукашэнка даручыў праваахоўным органам распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да Сяргея Данкверта пасьля таго, як «Рассельгаснагляд» некалькі разоў абмяжоўваў пастаўкі беларускага мяса і малака ў Расею.
У траўні міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч паведамляў, што праверка датычнасьці чыноўнікаў «Рассельгаснагляду» да дыскрэдытацыі беларускіх вытворцаў працягваецца, пасьля чго матэрыялы будуць перададзеныя ў Сьледчы камітэт. Ён выказаў спадзяваньне, што месяца для канчатковага высвятленьня ўсіх акалічнасьцяў будзе дастаткова. Выглядае, што не хапіла.
Сам Данкверт у інтэрвію таму ж агенцтву RNS заяўляў, што лічыць правільным распачаць крымінальную справу ня супраць сябе, а супраць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі — найперш за ўхіленьне ад супрацоўніцтва з «Рассельгаснаглядам» дзеля выяўленьня санкцыйных прадуктаў на межах Беларусі з Эўразьвязам.